У Маскве паводле падазрэньня ў карупцыі затрымалі яшчэ аднаго колішняга кіраўніка Мінабароны

Дзьмітры Булгакаў займаў пасаду намесьніка міністра абароны Расеі ў 2008–2022 гадах. Архіўнае фота

Дзьмітрый Булгакаў стаў шостым военачальнікам, якога ўзялі пад варту.
  1. У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі пра арышт Дзьмітрыя Булгакава, які ў 2008-2022 гадаў займаў пасаду намесьніка міністра абароны Расеі.

«У галоўным сьледчым упраўленьні СК Расеі расьсьледуюць крымінальную справу карупцыйнай накіраванасьці, у межах якой Дзьмітрыю Булгакаву [...] абралі меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. З фігурантам праводзяцца неабходныя сьледчыя дзеяньні», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Паводле расейскага выданьня «Коммерсант», Дзьмітрыя Булгакава ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары «Лефортава» ў Маскве.

Затрыманаму 69 гадоў. У 2022 годзе яго вызвалілі з пасады намесьніка міністра абароны і перавялі ў Упраўленьне генэральных інспэктараў Мінабароны. У траўні 2016 году ён атрымаў званьне Героя Расеі. У арміі Булгакаў адказваў за тэхнічнае забесьпячэньне — з 2015 да 2017 году ён курыраваў пытаньні, зьвязаныя з будаўніцтвам чыгуначнай лініі ў абыход Украіны, і адказваў за забесьпячэньне расейскіх войскаў у Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі арыштавалі чацьвёртага генэрала Мінабароны за месяц

Сёлета ў красавіку затрымалі колішняга намесьніка міністра абароны Расеі Цімура Іванова паводле абвінавачаньня ў махлярстве.

Цягам наступнага месяца пад варту ўзялі яшчэ трох расейскіх генэралаў: начальніка галоўнага ўпраўленьня кадраў Мінабароны Юрыя Кузьняцова, колішняга камандуючага 58-й арміяй генэрал-маёра Івана Папова і начальніка галоўнага ўпраўленьня сувязі Мінабароны Вадзіма Шамарына. Юрыя Кузьняцова і Вадзіма Шамарына абвінавацілі ў атрыманьні хабару, Івана Папова — у махлярстве. На два месяцы арыштавалі і колішняга гендырэктара Вайскова-будаўнічай кампаніі Мінабароны Андрэя Бялкова, які апошнім часам служыў дарадцам гендырэктара адной з структур вайсковага ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У крымінальнай справе затрымалі яшчэ аднаго генэрала ў Міністэрстве абароны Расеі