«Мы сказалі ёй, што думаем, што яна стане фантастычным прэзыдэнтам Злучаных Штатаў і што яна карыстаецца нашай поўнай падтрымкай. У гэты крытычны для нашай краіны момант мы зробім усё магчымае, каб забясьпечыць яе перамогу ў лістападзе», — напісаў Абама.
Камалу Гарыс падтрымала пераважная большасьць лідэраў Дэмакратычнай партыі. Афіцыйна яе кандыдатуру павінен вылучыць зьезд партыі ў жніўні. Большасьць яго дэлегатаў, якія раней былі гатовыя вылучыць кандыдатуру дзейнага прэзыдэнта Джо Байдэна, які выйграў праймерыз, ужо заявілі, што будуць галасаваць за Гарыс.
Пры гэтым камэнтатары адзначалі, што Барак Абама, у адрозьненьне, напрыклад, ад Біла і Гілары Клінтан, не падтрымаў Гарыс адразу пасьля таго, як Байдэн заявіў, што ня будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта. На гэта зьвярнуў увагу кандыдат у прэзыдэнты ад рэспубліканскай партыі Дональд Трамп. У сваім пасьце Абама піша, што тэлефанаваў Гарыс «у пачатку гэтага тыдня».
Паводле апошніх апытаньняў, Камала Гарыс скараціла адставаньне ад Дональда Трампа, які пакуль апярэджвае яе ў сярэднім па краіне, але ейны рэйтынг на некалькі пунктаў вышэйшы, чым у Байдэна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камала Гарыс упершыню выступіла пасьля заявы Байдэна ў падтрымку яе вылучэньня ў прэзыдэнты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьдзівіла адмова Байдэна ад выбарчай гонкі? Якія шанцы дэмакратаў супраць Трампа зараз? Адказваюць палітолягі