Кампанія Henley&Partners апублікавала рэйтынг прэстыжнасьці пашпартоў, які базуецца на зьвестках Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) і разьмяркоўвае пашпарты ў адпаведнасьці з колькасьцю дзяржаваў, у якія іхныя ўладальнікі могуць прыехаць бязь візы ці без папярэдняй падачы дакумэнтаў на яе.
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь заняў 61-е месца ў сьпісе, зь ім можна вандраваць у 81 краіну. Гэта найлепшы вынік за ўвесь час, цягам якіх кампанія аналізавала зьвесткі і публікавала рэйтынг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пачатку вайны беларусы зьвяртаюцца па грамадзянства Малдовы, Кіргізстану і Армэніі. Што пра гэта вядомаНайгоршай сытуацыя была ў 2015-м, калі дакумэнт быў 78-м. За апошні год палепшыў свае пазыцыі на 7 пунктаў — летась беларускі пашпарт знаходзіўся на 68-м месцы.
Усе суседзі Беларусі месьцяцца ў рэйтынгу пашпартоў значна вышэй: Польшча — на 6-м месцы (188 бязьвізавых краін), Літва — на 9-м (185 краін), Латвія — на 10-м (184), Украіна — на 30-м (148), Расея — на 45-м (116).
Лідэрамі ў рэйтынгу стаў пашпарт Сынгапуру (195 краін). На другім месцы адразу пяць краін — Францыя, Нямеччына, Італія, Японія і Гішпанія — з пашпартамі гэтых краін можа падарожнічаць бязь візы ў 192 краіны. Трэцяе месца падзялілі сем краін — Аўстрыя, Фінляндыя, Ірляндыя, Люксэмбург, Нідэрлянды, Паўднёвая Карэя і Швэцыя. Пашпарты гэтых краін дазваляюць наведваць бязь візаў 191 краіну.
Апошняе месца ў Henley&Partners займае пашпарт Афганістану. Ягоныя ўласьнікі бязь візы могуць наведаць толькі 26 краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Небеларускі пашпарт. На якіх умовах беларусы могуць атрымаць грамадзянства іншай краіны