У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі, што падазраванага ў замаху на вайсковага выведніка Андрэя Таргашова і ягоную жонку даставілі з Турэччыны ў Маскву.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, яму інкрымінавалі замах на забойства дзьвюх асобаў і незаконнае абарачэньне выбуховых прыладаў — п. 3 артыкулу 30 і ч. 2 артыкулу 105 Крымінальнага кодэксу Расеі.
Паводле сьледзтва, падазраванаму Яўгенію Серабракову 29 гадоў.
«У часе допыту допыту Серабракоў паведаміў пра абставіны падрыхтоўкі падрыву аўтамабілю на заказ Службы бясьпекі Ўкраіны, у тым ліку пра сустрэчу з куратарам за межамі і пра месца атрыманьня кампанэнтаў выбуховай прылады. З Турэччыны Серабракоў зьбіраўся ва Ўкраіну, дзе яму абяцалі грамадзянства», — адзначылі ў Сьледчым камітэце Расеі.
Пасьля допыту яго возьмуць пад варту — раней суд ухваліў завочнае рашэньне аб ягоным арышце.
У Маскве раніцай 24 ліпеня адбыўся выбух аўтамабіля Toyota Land Cruiser, у выніку якога пацярпелі афіцэр Галоўнага выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі Андрэй Таргашоў і ягоная жонка.
49-гадовы маёр займаўся сродкамі абароненай сувязі, а зьвесткі пра яго былі апублікаваныя загадзя ў інтэрнэце. Цяпер ён у шпіталі ў вельмі цяжкім стане — у выніку выбуху яму адарвала абедзьве ступні. Пацярпела і ягоная жонка. Іх шпіталізавалі ў Боткінскую лякарню.
Украіна адмаўляла сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя новыя дэталі падрыву аўтамабіля ў Маскве. Пацярпеў вайсковы выведнік