Сьцісла:
- Беларусь у энэргазабесьпячэньні цяпер мае прывязку толькі да Расеі, і гэта радыкальна павялічвае яе энэргетычную залежнасьць.
- Усе ранейшыя намеры і пляны ў сфэры энэргетыкі пацярпелі крах.
- Калі дойдзе да рэалізацыі плянаў будаўніцтва яшчэ і другой АЭС у Беларусі — то гэта будзе проста «расьпіл» бюджэтных сродкаў.
- Пасьля ўводу Беларускай АЭС электраэнэргія ўнутры краіны толькі даражэе.
— Краіны Балтыі прынялі рашэньне выйсьці з адзінай энэргетычнай сыстэмы Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы. Якія наступствы гэтага кроку могуць быць для беларускай энэргетыкі і эканомікі ў цэлым?
— Стратэгічна гэта карысна краінам Балтыі, бо яны падключыліся да эўрапейскай адзінай энэргетычнай сыстэмы, якая больш надзейная, дзе ёсьць значна большыя магутнасьці. Знаходзячыся ў гэтай сыстэме, яны гарантавалі сабе энэргетычную бясьпеку.
А Беларусь, такім чынам, цяпер мае прывязку толькі да Расеі, і гэта радыкальна павялічвае нашу энэргетычную залежнасьць. Цяпер мы моцна прывязаныя, і нават калі наступныя дэмакратычныя ўлады Беларусі паспрабуюць зрабіць нейкую энэргетычную рэформу, то спатрэбіцца пэўны час, каб гэтыя тэхналягічныя рэчы пераадолець. Цяпер і па пастаўках нафты, і па газе, і па ядзернай энэргетыцы мы, па сутнасьці, ператварыліся ў субʼект Расейскай Фэдэрацыі.
— Калі ўзводзілася Беларуская АЭС, то ўлады разьлічвалі, што будуць прадаваць электраэнэргію і заходнім суседзям, тым жа краінам Балтыі. А цяпер, на фоне вайны і санкцыяў атрымліваецца, што нікуды гэтую беларускую электраэнэргію экспартаваць ня ўдасца?
— У 2000-х гадах беларуская эканоміка расла ў сярэднім на 7% штогод, і Лукашэнка разьлічваў, што і самой Беларусі з улікам такога эканамічнага росту спатрэбіцца значна больш энэргіі. У кантэксьце таго, што Ігналінская АЭС у Літве закрылася, можна было разьлічваць і на бізнэс з суседзямі, на экспарт электраэнэргіі. Але гэта магчыма было б, калі б існавала добрасуседзтва, стратэгічнае партнэрства з Эўразьвязам, калі б мелі месца шырокія фінансавыя, інфраструктурныя ўзаемаадносіны і інвэстыцыі.
Калі ты сам сябе зрабіў суагрэсарам, эўрапейскім ізгоем, усталяваў таталітарны рэжым, то пра якое супрацоўніцтва з суседзямі можа ісьці размова?
Я разумею, што сама каманда Лукашэнкі зарабляе на гэтым і таму не жадае ацаніць такі праект аб’ектыўна.
Лукашэнка проста ня мог зразумець, што былі іншыя эканамічныя ўмовы, іншы попыт. Ён думаў, што будзе далейшы рост прамысловасьці, большая энэргетычная незалежнасьць, а выявілася, што залежнасьць ад Расеі стала значна большай. Так што ўсе ягоныя намеры ў гэтай сфэры проста пайшлі прахам.
— Беларускія чыноўнікі сярод іншага заяўлялі, што ў краіне будзе пашырацца парк электрамабіляў, якія пачнуць выцясьняць бэнзінавыя і дызэльныя машыны. А цяпер аказваецца, што электрамабілі, як і ўсе заходнія аўтамабілі, з прычыны санкцыяў складана купіць і яны істотна падаражэлі.
— Электрамабілі можна купляць і ў Кітаі. Усё ж большую частку спажываньня энэргіі стварае прамысловасьць. На электрамабілі можа прыпадаць 2-3 працэнты — гэта прынцыпова не зьмяняе энэргетычнага балянсу.
Сёньня яшчэ ёсьць нейкі попыт на беларускую прадукцыю ад расейскага ВПК, існуюць нейкія дзяржаўныя праграмы закупкі беларускіх тавараў у Расеі. Але што будзе Лукашэнка рабіць, калі Расея прайграе ў вайне, калі гэтага попыту ня будзе — а ён усе яйкі ў адзін кошык склаў? Тады гэтыя энэргетычныя магутнасьці будуць мала каму патрэбныя.
І калі яны заяўляюць, што плянуюць будаваць і другую АЭС у Беларусі, то гэта будзе проста «расьпіл» бюджэтных сродкаў. Гэта будзе зусім не патрэбны нашай краіне аб’ект.
— Наколькі імаверна, што такое рашэньне — пра пабудову другой АЭС у Беларусі — можа быць прынятае? Няўжо на фоне цяперашняй эканамічнай рэальнасьці, з улікам таго, што прамысловасьць апошнія 10 гадоў асабліва не расьце, адпаведныя структуры ня пішуць адпаведных аналітычных дакладаў, што гэтая другая АЭС не патрэбная Беларусі?
— Ёсьць лабісты з блізкага кола Лукашэнкі, з ЗАТ (Закрытага акцыянэрнага таварыства) «Сям’я», якія прыходзяць да яго і кажуць: глядзі, можам «расьпіліць» 2 мільярды даляраў. Столькі трэба «адшпіліць» «Росатому», столькі — людзям у расейскім кіраўніцтве, але і нам у кішэню вось столькі застанецца. Бо схема «расьпілу» грошай пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ўжо ёсьць.
Размова ж не ідзе пра тое, каб зьнізіць кошт электраэнэргіі: заўважце, пасьля ўводу Беларускай АЭС яна ўнутры Беларусі толькі даражэе. У Лукашэнкі зусім іншыя матывы. Як зрабіць такія праекты, каб нэўтралізаваць гнеў Пуціна, дазволіць зарабіць ягонаму атачэньню, — маўляў, глядзіце, гэта наш чалавек, ён дазваляе нам зарабляць.
— Якія прыярытэты ў разьвіцьці беларускай энэргетычнай сфэры павінны цяпер быць, на вашую думку?
— У гэтым сэнсе трэба мець як прыклад Энэргетычную хартыю Эўразьвязу, у якой расьпісана, як можа функцыянаваць рынак энэргапаслуг. Павінна быць канкурэнцыя вытворцаў энэргіі, з розных крыніц. Гэта і газ, і ветракі, і сонечная энэргія.
Гэта павінна быць дэцэнтралізавана, дзяржава павінна ўкладвацца ў энэргетычныя сеткі. І далей важны пункт — дыстрыбуцыя, каб спажывец меў права выбіраць крыніцу энэргіі, яе пастаўшчыка.
Гэта шлях стратэгічны, якім трэба ісьці — дзе адрозьніваюцца функцыі дзяржавы, інвэстараў, прыватнага бізнэсу. Галоўнае — трэба выйсьці з гэтай пасткі дзяржаўнай манаполіі пад абцасам Расеі, каб ператварыць энэргетычны сэктар у сапраўдны бізнэс, дзе ёсьць інтарэсы і інвэстараў, і спажыўцоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінусавая рэнтабэльнасьць, больш стратных прадпрыемстваў, даўгоў, складзкіх запасаў, — Раманчук пра стан эканомікі