Хуткасьць працы відэагостынгу YouTube на стацыянарных кампутарах расейцаў зьнізіцца на 70% праз тыдзень, паведаміў 25 ліпеня дэпутат расейскай Дзярждумы Аляксандар Хінштэйн.
Паводле дэпутата, да канца гэтага тыдня чакаецца зьніжэньне хуткасьці працы YouTube на 40%. Пры гэтым мера закране толькі «дэсктопныя» вэрсіі, мабільную сувязь яна «пакуль не закране». Ужо на наступным тыдні варта чакаць запаволеньня працы сэрвісу да 70%.
Запаволеньне працы YouTube Хінштэйн назваў «вымушаным крокам», які накіраваны супраць адміністрацыі плятформы. На думку чыноўніка, гэтая мера не закране асноўную масу расейскіх карыстальнікаў, таму што яны «знаходзяцца ў адпачынках і карыстаюцца для выхаду ў інтэрнэт менавіта мабільнымі прыладамі».
«Затое сам рэсурс на свае вочы ўбачыць, што ад угавораў дзяржава перайшла да канкрэтных крокаў. Таму далейшы лёс YouTube у Расеі залежыць выключна ад яго самога. Калі адміністрацыя рэсурсу ня зьменіць сваю палітыку і не пачне выконваць нашы законы, нічога добрага яго тут не чакае», — падкрэсьліў ён.
- 12 ліпеня «Растэлекам» паведаміў, што збоі ў працы YouTube у Расеі зьвязаныя з састарэлым абсталяваньнем ад Google, якое выкарыстоўваецца для кэшаваньня і паскарэньня загрузкі.
- Крыніца «Медузы» тады заявіла, што гаворка ідзе пра пачатак запаволеньня відэагостынгу, і для гэтага ў Расеі дастаткова інструмэнтаў. «Газета.ru» са спасылкай на крыніцу, блізкую да адміністрацыі Пуціна, пісала, што ў верасьні пачнецца блякаваньне YouTube, да гэтага ў асобных рэгіёнах будуць «пагаршацца ўмовы працы» сэрвісу.
- Пра магчымае блякаваньне YouTube у Расеі загаварылі пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, калі Раскамнагляд заблякаваў Facebook і Instagram. На пачатку верасьня 2023 году карыстальнікі відэасэрвісу ў Расеі паведамілі пра збоі ў ягонай працы. Расейскі Forbes пісаў, што збоі маглі адбыцца праз тое, што Раскамнагляд тэставаў блякаваньне сэрвісу, пры гэтым само ведамства гэта адмаўляла.
- У Беларусі першая вядомая спроба заблякаваць YouTube у краіне адбылася ў ноч на 1 студзеня 2024 году перад выступам Сьвятланы Ціханоўскай, які трансьляваўся праз гэты сэрвіс, і працягвалася каля 20 хвілін.