У Гомельскай вобласьці на ўборку наступстваў шторму з 16 ліпеня адправілі 474 грамадзян, якія маюць судзімасьць, заявіў начальнік УУС вобласьці Аляксандар Шастайла на нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме, паведамляе МУС Беларусі.
Толькі 24 ліпеня ў добраўпарадкаваньні вуліц на тэрыторыі вобласьці ўзялі ўдзел 159 чалавек, якія не працуюць і стаяць на ўліках у крымінальна-выканаўчых інспэкцыях. Яны дапамагалі камунальным службам прыбіраць гольле, лістоту, іншае сьмецьце, прыводзіць дарожную сетку ў бясьпечны для руху стан.
На раніцу 25 ліпеня ўдзел у разборах завалаў, рамонтных і дапаможных работах у вобласьці ўзялі 272 чалавекі, якія адбываюць пакараньне ў папраўчых установах адкрытага тыпу і знаходзяцца ў ЛПП, удакладніў першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў — начальнік упраўленьня апэратыўна-рэжымнай работы Іван Мысьліцкі.
На нарадзе прынялі рашэньне, што тых, хто адбывае пакараньне на «хіміі» і знаходзіцца ў ЛПП, адправяць і на ўборку ўраджаю ў Лельчыцкім, Рэчыцкім і Калінавіцкім раёнах Гомельскай вобласьці. Яны будуць працаваць паводле 8-гадзіннага графіку. Іх абяцаюць забясьпечыць жытлом, харчаваньнем і «годнай зарплатай».
Па ўказаньні міністра вайскоўцы ўнутраных войскаў, якія маюць адпаведную кваліфікацыю, з 1 жніўня пачнуць уборку ўраджаю на сельгастэхніцы ў Добрускім раёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне разгледзелі 2699 заявак аб пашкоджанай непагадзьдзю маёмасьці. Выплаты атрымаюць 4,7% просьбітаў- Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі спрычыніла маштабныя пашкоджаньні ў сыстэме электраперадачы, парушэньні водазабесьпячэньня. Гомельская вобласьць — адна з найбольш пацярпелых, асабліва пацярпелі Мазырскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Петрыкаўскі і Жлобінскі раёны.
- Праз навальніцы з залевамі і шквалістым ветрам 14 ліпеня электрычнасьць зьнікла ці была парушаная ў 1960 населеных пунктах Беларусі.
- Паводле інфармацыі МНС Беларусі, з прычыны стыхіі загінулі шэсьць чалавек.