Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў пра затрыманьне ў горадзе Дніпро падазраванага ў забойстве колішняй дэпутаткі Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірыны Фарыён.
«Апэрацыя па затрыманьні была вельмі няпростая. Цягам гэтых дзён над раскрыцьцём забойства працавалі сотні спэцыялістаў Нацыянальнай паліцыі, СБУ і іншых службаў», — паведаміў Уладзімір Зяленскі, пасьля таго як заслухаў справаздачу міністра ўнутраных спраў Украіны Ігара Кліменкі.
Паводле яго, затрымалі 18-гадовага хлопца.
«Праводзяцца неабходныя сьледчыя дзеяньні і экспэртызы. Даручыў міністру ўнутраных спраў падаць грамадзтву ўсе дэталі», — заявіў прэзыдэнт Украіны.
Пазьней міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што сьледзтва схіляецца да думкі, што затрыманы толькі выканаўца.
«Ёсьць дастаткова доказаў сьцьвярджаць, што менавіта затрыманы страляў у мовазнаўцу. 139 гадзін бесьперапыннай працы вялікай каманды апэратыўнікаў, сьледчых, крымінальных аналітыкаў, экспэртаў, іншых паліцэйскіх службаў, супрацоўнікаў СБУ. Праверылі кожны куточак па маршруце адыходу стралка і абшукалі каля 100 гектараў лесу», — паведаміў міністар.
Паводле яго, падазраваны — жыхар гораду Дніпро, а ў часе падрыхтоўкі да злачынства ён арандаваў ня менш як тры кватэры ў Львове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Львове невядомы застрэліў экс-дэпутатку Вярхоўнай Рады Ірыну ФарыёнУ Ірыну Фарыён стралялі 19 ліпеня на вуліцы Масарыка ў Львове.
Нападнік у пальчатках выкарыстаў зброю без глушыцеля, куля трапіла ў скронь.
Ірыну Фарыён адвезьлі ў лякарню. Некалькі гадзін яна была ў цяжкім стане. У 23.30 стала вядома, што яна памерла.
Ірына Фарыён часта крытыкавала расейскамоўнае насельніцтва Ўкраіны. У 2010 годзе яна сказала, што ўкраінцы, якія называюць роднай мовай расейскую, — гэта «ўкраінцы-дэгенэраты», якіх трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасьці.
У 2015 годзе Сьледчы камітэт Расеі распачаў адносна Фарыён крымінальную справу паводле артыкулаў КК РФ аб падбухторваньні да ўчыненьня забойства і распальваньні варожасьці за заклікі «зьнішчыць Расею як дзяржаву і расейцаў як групу асобаў паводле нацыянальнай прыкметы».
Летась Служба бясьпекі Ўкраіны распачала крымінальнае вядзеньне ў дачыненьні да Фарыён з прычыны яе слоў, што яна катэгарычна не ўспрымае расейскамоўных вайскоўцаў Узброеных сілаў Украіны і ня можа назваць іх украінцамі.