Як піша «Позірк», пасьля закрыцьця «БІП — Унівэрсытэту права і сацыяльных тэхналёгій» і Інстытуту прадпрымальніцкай дзейнасьці больш як 3 тысячы студэнтаў напісалі заявы аб пераводзе ў іншыя навучальныя ўстановы, паведаміў тэлеканал «Беларусь-1» са спасылкай на Міністэрства адукацыі.
Заяўляецца, што студэнтам згаданых прыватных ВНУ прапанавалі перавесьціся на падобныя кірункі ў Белдзяржунівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Удакладняецца, што БДЭУ прыме каля 800 чалавек.
Студэнтам філіялу БІП у Магілёве прапанавана прадоўжыць навучаньне ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова, студэнтам Горадзенскага філіялу — у Горадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы.
Сьцьвярджаецца, што студэнты, якія не захочуць пераводзіцца ў прапанаваныя Міністэрствам адукацыі ВНУ, «змогуць самастойна выбраць месца паводле сваёй спэцыяльнасьці».
17 чэрвеня партал «Люстэрка» паведаміў, што «БІП — Унівэрсытэт права і сацыяльных тэхналёгій» спыняе сваю дзейнасьць з 30 жніўня. У ВНУ заявілі, што «гэта рашэньне заснавальнікаў».
24 чэрвеня аб спыненьні працы з 1 верасьня аб’явіў Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці. Паводле інфармацыі на сайце ВНУ, «заснавальнікам і кіраўніцтвам ІПД прынята рашэньне аб спыненьні адукацыйнай ліцэнзаванай дзейнасьці», таму прыёму абітурыентаў у 2024 годзе ня будзе.
25 чэрвеня Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва заявіў, што ня будзе набіраць першакурсьнікаў. Пры гэтым астатнія студэнты прадоўжаць вучобу.
Усе тры ВНУ працавалі з 1990-х гадоў.
20 верасьня 2022 году Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Савету бясьпекі Аляксандрам Вольфавічам запатрабаваў «зачысьціць усё да немагчымасьці ў сыстэме адукацыі». Пасьля гэтага ў краіне былі закрытыя амаль усе прыватныя дзіцячыя сады і школы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш бульбы, менш грошай для сілавікоў. Якім было жыцьцё ў Беларусі ўзору 1994 году ў параўнаньні зь сёньняшнім ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва ня будзе прымаць першакурсьнікаў