Ва Ўкраіне заявілі аб выяўленьні групы грамадзян, якія рыхтавалі падпалы гандлёвых цэнтраў у Эўропе

Будынак Службы бясьпекі Ўкраіны ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота

У траўні ў Польшчы затрымалі двух грамадзян Беларусі праз падазрэньне ў зьдзяйсьненьні падпалаў на тэрыторыі краіны.

У Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведамілі, што супольна з Нацыянальнай паліцыяй Украіны выявілі групу з 19 чалавек, якія ў супрацы з расейскімі спэцслужбамі рыхтавалі падпалы ў месцах масавага знаходжаньня людзей ва Ўкраіне, Польшчы і краінах Балтыі.

«Асноўнымі цэлямі ворага былі гандлёвыя цэнтры, аўтазаправачныя станцыі, аптэкі і базары ва Ўкраіне, Польшчы і краінах Балтыі. У часе комплексных захадаў на Прыкарпацьці затрымалі арганізатара варожай ячэйкі і яго паплечніка. Зламысьнікі дзейнічалі ў складзе злачыннай групоўкі, дзейнасьць якой каардынавалі кадравыя супрацоўнікі спэцслужбы Расеі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Паводле інфармацыі СБУ, у склад групоўкі ўваходзілі 19 грамадзян, якія жылі ў Івана-Франкоўскай, Днепрапятроўскай, Палтаўскай абласьцях і ў Запарожжы. Яны за грошы вэрбавалі кандыдатаў для ажыцьцяўленьня падпалаў цывільных аб’ектаў, а для іх перакіданьня за мяжу рыхтавалі падробленыя дакумэнты — пашпарты, пасьведчаньні кіроўцаў, дыплёмы пра адукацыю і мэдычныя карткі.

«Агентура Расеі плянавала незаконна перапраўляць сваіх саўдзельнікаў за межы Ўкраіны і легалізаваць іх на тэрыторыі ЭЗ. Пасьля падпалаў выканаўцы павінны былі фатаграфаваць пажары на аб’ектах для далейшай справаздачы перад ФСБ», — адзначаецца ў паведамленьні.

У СБУ паведамілі, што правялі 37 ператрусаў у жылых памяшканьнях, аўтамабілях і гаражах. У часе іх знайшлі і сканфіскавалі мабільныя тэлефоны, флэшкі, чарнавыя запісы і падробленыя дакумэнты, якія выкарыстоўвалі для вэрбаваньня патэнцыйных падпальшчыкаў, аўтамат Калашнікава, пісталеты, у тым ліку Gloсk 19 з кулямі і глушнікамі, банкаўскія карткі і вялікія сумы гатоўкі для аплаты дзейнасьці завэрбаваных падпальшчыкаў.

Арганізатару і яго паплечніку паведамілі аб падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе і падробцы дакумэнтаў паводле ч. 2 артыкулу 111 і ч. 3 артыкулу 358 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.

«Працягваюцца сьледчыя дзеяньні і апэратыўныя захады для прыцягненьня ўсіх вінаватых да адказнасьці. Зламысьнікам пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне», — паведамілі ў СБУ.

21 траўня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што сярод падазраваных у арганізаваных Расеяй спробах дывэрсій ёсьць грамадзяне Беларусі. Размова ішла, у прыватнасьці, аб спыненай спробе падпалу заводу па вытворчасьці фарбаў ва Ўроцлаве (Ніжнесылескае ваяводзтва).

«На гэты момант у нас ёсьць дзевяць падазраваных, арыштаваных і абвінавачаных ва ўдзеле ў дывэрсіях у Польшчы на запыт расейскіх службаў. Гэта тычыцца нападу, падпалу і спробы падпалу», — сказаў ён.

Па словах палітыка, гаворка ідзе пра людзей з «крымінальнага сьвету»: «Гэта датычыцца грамадзян Украіны, Беларусі і Польшчы. Гэтае пытаньне ня носіць нацыянальнага характару».

Такія дзеяньні плянаваліся таксама ў Літве, Латвіі і Швэцыі, сьцьвярджае кіраўнік польскага ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія СМІ публікуюць новыя дэталі пра затрыманых у Польшчы беларусаў, якія нібыта плянавалі новыя падпалы

28 траўня польскія СМІ паведамілі аб затрыманьні Агенцтвам унутранай бясьпекі (АУБ) некалькіх чалавек праз падазрэньне ў зьдзяйсьненьні падпалаў на тэрыторыі краіны. Заяўлялася, што ў ліку затрыманых два беларусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: Расея ладзіць дывэрсіі ў Эўропе, каб падарваць падтрымку Ўкраіны