Беларуса арыштавалі ў Італіі на запыт беларускіх уладаў

Паліцыя Італіі, архіўнае фота

Італьянская паліцыя курортнага гораду Езалё, што знаходзіцца на ўзьбярэжжы Вэнэцыянскай затокі ў Адрыятычным моры, затрымала пяць чалавек, у тым ліку беларуса, які быў абвешчаны ў вышук у Беларусі.

Як паведаміла мясцовая паліцыя, мужчыну вылічылі ў рамках інтэнсыфікацыі кантрольных мерапрыемстваў, што праводзяцца праваахоўнымі органамі ў горадзе з прычыны вялікага наплыву турыстаў на курорт у летнія месяцы.

Падрабязных зьвестак пра тое, як завуць беларуса, за што канкрэтна яго затрымалі, у паведамленьні паліцыі не прыводзіцца. Вядома, што ўлады Беларусі абвесьцілі яго ў вышук з мэтай экстрадыцыі, бо на радзіме мужчына мае адбыць пакараньне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўленьня волі за ўхіленьне ад сплаты падаткаў.

Іншыя арыштаваныя — грамадзяне Румыніі, Харватыі і іншых краін. Іх затрымлівалі пераважна за крадзяжы.

Беларусаў у апошнія гады ўжо не ўпершыню затрымліваюць на запыт уладаў Беларусі. Не заўсёды ясна, ці мае артыкул, паводле якога затрымліваюць чалавека, палітычную падбіўку. З пачатку году ўлады затрымалі чатырох беларусаў у Армэніі. Інфармацыі пра тое, што кагосьці зь іх экстрадавалі, не было.

Улады Сэрбіі вырашылі выдаць Беларусі рэжысэра Андрэя Гнёта, але ў гэты момант яшчэ разглядаецца ягоная апэляцыя на такое рашэньне. 19 ліпеня Інтэрпол выкрасьліў Гнёта са свайго сьпісу. Арганізацыя вызначыла, што рэжым Лукашэнкі шукае Гнёта на палітычных падставах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тлустая пасада». Што такое беларускае бюро Інтэрполу і як яны шукаюць беларусаў за палітыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрпол выключыў рэжысэра Гнёта з «чырвонага сьпісу» асобаў у міжнародным вышуку