«Быць вашым прэзыдэнтам было гонарам майго жыцьця. Але абарона дэмакратыі, якая сёньня знаходзіцца пад пагрозай, важнейшая за любую пазыцыю», — сказаў прэзыдэнт ЗША ў пачатку звароту.
Джо Байдэн падкрэсьліў, што краіна знаходзіцца на раздарожжы і патрабуе лідэра, які згуртуе яе і павядзе наперад. Тлумачачы сваё рашэньне, Байдэн сказаў, што ў апошнія тыдні для яго стала яснай неабходнасьць аб’яднаньня Дэмакратычнай партыі, каб яна магла выконваць задачу абароны дэмакратыі:
«Я лічыў, што маё лідэрства ў сьвеце і бачаньне будучыні краіны — падстава для другога прэзыдэнцкага тэрміну, але нішто не павінна перашкаджаць захаваньню нашай дэмакратыі. Найлепшы шлях наперад — перадаць эстафэту новаму пакаленьню, гэта найлепшы шлях аб’яднаньня нашай краіны».
Байдэн нагадаў амэрыканцам пра дасягненьні апошніх трох гадоў свайго прэзыдэнцтва. Паводле яго, упершыню ў XXI стагодзьдзі Амэрыка не ўступіла ў вайну, але ў той жа час яна стала на абарону Ўкраіны, аб’екта расейскай агрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША расказалі аб прыярытэтах Байдэна да канца прэзыдэнцкага тэрмінуУ сваёй 10-хвіліннай прамове Байдэн аднойчы згадаў імя віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс, якая, праўдападобна, стане яго пераемніцай у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі. Ён назваў Гарыс «дасьведчаным, моцным, здольным» палітыкам.
У тэлеінтэрвію два тыдні таму Джо Байдэн заяўляў, што здыме сваю кандыдатуру толькі «на загад Усемагутнага», настойваючы на тым, што бачыць сябе наймацнейшым супернікам Дональду Трампу на прэзыдэнцкіх выбарах.
Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў, што амаль не разумеў, пра што гаварыў Джо Байдэн, і назваў выступ «вельмі дрэнным». Старшыня Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан тады ж заклікаў прэзыдэнта Байдэна пайсьці ў адстаўку: «Калі ён непрыдатны балятавацца на пасаду прэзыдэнта, ён непрыдатны выконваць абавязкі прэзыдэнта». Прэс-сакратар Джо Байдэна назвала гэтыя заявы «сьмешнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае апытаньне ў ЗША паказала невялікую перавагу Гарыс над Трампам у прэзыдэнцкай гонцы