Нямецкі канцлер адмовіўся камэнтаваць магчымасьць абмену меркаванага афіцэра ФСБ

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц адмовіўся камэнтаваць магчымы абмен меркаванага афіцэра ФСБ Вадзіма Красікава, прыгаворанага ў Нямеччыне да пажыцьцёвага тэрміну.

Пытаньне пра магчымасьць абмену расейца, у тым ліку на асуджанага ў Беларусі да сьмяротнага пакараньня грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера і на асуджаных у Расеі амэрыканскіх журналістаў, задала яму на прэсавай канфэрэнцыі ў сераду карэспандэнтка расейскай службы Радыё Свабода.

Яна спытала, у прыватнасьці, пра магчымыя прававыя і палітычныя ўмовы, пры якіх канцлер пагадзіўся б на такі абмен.

«Прынцып захаваньня дзяржаўных інтарэсаў не дазваляе мне спэкуляваць на такія тэмы», — адказаў Шольц. Ён упершыню публічна выказаўся па гэтым пытаньні.

Раней пра абмеркаваньне варыянтаў такога абмену паведамляў шэраг сусьветных СМІ. Сярод імёнаў, якія называліся як кандыдатуры для абмену, згадваўся арыштаваны ў Расеі журналіст газэты The Wall Street Journal Эван Гершкавіч. Пуцін у інтэрвію намякаў на гатоўнасьць да такой дамовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь сегодня»: Асуджанага на сьмяротнае пакараньне Рыка Крыгера прызналі вінаватым у выбуху на станцыі Азярышча

У верасьні мінулага году Wall Street Journal пісала, што даручэньне дамагацца вызваленьня Красікава Пуцін даў сакратару Савету бясьпекі Мікалаю Патрушаву. Сярод кандыдатаў на абмен называлі таксама расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Кіраўніца Міжнароднага фонду барацьбы з карупцыяй Марыя Пеўчых сьцьвярджае, што апазыцыянэра маглі забіць у калёніі, каб сарваць такую ўгоду.

Гершкавіч 19 ліпеня быў прыгавораны судом у Екацярынбургу да 16 гадоў калёніі па абвінавачаньні ў шпіянажы. Допыт сьведак і вывучэньне доказаў занялі ў суду адзін дзень. Гершкавіч віну адмаўляе. Ягоныя калегі, міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі ўпэўненыя, што ён быў асуджаны выключна за сваю прафэсійную дзейнасьць.