Энтані Блінкен заявіў, што пасьля таго, як Байдэн вырашыў не балятавацца на перавыбраньне, ён будзе інтэнсіўна працаваць над «умацаваньнем Украіны».
«Тое, на чым ён будзе моцна засяроджвацца ў наступныя паўгода, — гэта працяг працы, якую мы рабілі дагэтуль, асабліва спробы прынесьці мір на Блізкі Ўсход, пакласьці канец вайне ў Газе, вывесьці гэты рэгіён на лепшую траекторыю. Працягваць гэтак жа эфэктыўна працаваць, як ён гэта рабіў у справе працяглай расейскай агрэсіі супраць Украіны, і пераканацца, што мы працягнем рабіць усё магчымае для ўмацаваньня Ўкраіны».
Сярод іншых сфэраў, якія ня выйдуць з-пад увагі прэзыдэнта, Блінкен пералічыў удзел ЗША ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, супрацоўніцтва зь Японіяй, Карэяй, Аўстраліяй, Новай Зэляндыяй, Індыяй і іншымі краінамі. Ягоныя словы перадае «Голас Амэрыкі».
«Ён повен рашучасьці працягваць гэтую працу, і я повен рашучасьці працягваць яе разам зь ім», — падкрэсьліў дзяржсакратар ЗША.
Блінкен працуе з Байдэнам больш за 22 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камала Гарыс упершыню выступіла пасьля заявы Байдэна ў падтрымку яе вылучэньня ў прэзыдэнтыАкрамя таго, Энтані Блінкен пералічыў журналістам асноўныя дасягненьні Байдэна на пасадзе, адзначыўшы, што ў спадчыну ад ранейшых прэзыдэнтаў яму дасталіся праблемы.
«Калі вы на сэкунду падумаеце, што ён атрымаў у спадчыну, калі заступіў на пасаду, то гэта быў, напэўна, найгоршы крызіс аховы здароўя за апошнія 100 гадоў у гэтай краіне, найгоршы эканамічны крызіс з часоў Вялікай рэцэсіі, найгоршы дэмакратычны крызіс з тых часоў, якія я памятаю. . Былі краіны ў сьвеце, якія глядзелі на гэта і кружлялі, нібы акулы, каб знайсьці спосаб скарыстацца ўяўнай слабасьцю Злучаных Штатаў», — аналізуе Блінкен.
За апошнія 3,5 года, адзначыў дзяржсакратар ЗША, Байдэн зьмяніў сытуацыю ў краіне. Ён падаў Закон аб інфраструктуры, Закон аб мікрачыпах і навуцы і Закон аб дэфляцыі. Блінкен адзначыў, што ЗША сярод лідэраў як у зьніжэньні інфляцыі, так і ў забесьпячэньні росту занятасьці, у краіне самы нізкі ўзровень беспрацоўя за апошнія 60 гадоў.
Ацэньваючы Камалу Гарыс як патэнцыйную кандыдатку на прэзыдэнцкую гонку ад Дэмакратычнай партыі, Блінкен назваў яе «вядучым голасам» у зьнешняй палітыцы краіны.
«Літаральна пару месяцаў таму яна прадстаўляла ЗША на мірнай канфэрэнцыі па Ўкраіне, якая праходзіла ў Швайцарыі. Я бачыў яе кіраўніцтва зноў і зноў ва ўсіх кутках сьвету. Я ўбачыў чалавека, які мае вялікі досьвед, і вельмі дзейснага», — сказаў дзяржсакратар.
21 ліпеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў сваю кандыдатуру з выбараў 2024 году, дзе яму супрацьстаяў былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Байдэн падтрымаў віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс у якасьці кандыдаткі ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі, каб кінуць выклік Трампу на выбарах 5 лістапада.
Яе кандыдатуру яшчэ мае зацьвердзіць зьезд партыі ў канцы жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае апытаньне ў ЗША паказала невялікую перавагу Гарыс над Трампам у прэзыдэнцкай гонцы