Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што «справядлівы мір ва Ўкраіне адпавядае стратэгічным інтарэсам Кітаю».
Як паведамілі ў прэсавай службе МЗС Украіны, сустрэча Дзьмітра Кулебы зь міністрам замежных спраў Кітаю Ван І адбылася ў Пэкіне ў разьвіцьцё кантактаў паміж прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і лідэрам Кітаю Сі Цзіньпінам.
«Перакананы, што справядлівы мір ва Ўкраіне адпавядае стратэгічным інтарэсам Кітаю, а роля Кітаю як глябальнай сілы міру зьяўляецца важнай», — сказаў Дзьмітро Кулеба на сустрэчы.
У паведамленьні МЗС Украіны адзначаецца, што Дзьмітро Кулеба перадаў кітайскаму боку «пасьлядоўную пазыцыю ўкраінскага боку, якая заключаецца ў гатоўнасьці весьці перамовы з расейскім бокам на пэўным этапе, калі Расея будзе гатова весьці перамовы сумленна». Аднак, паводле ўкраінскага міністра, пакуль што такой гатоўнасьці ў Расеі не назіраецца.
Дзьмітро Кулеба нагадаў, што нядаўна Ўкраіна пачала перамовы пра ўступленьне ў Эўрапейскі зьвяз, і гэтае рашэньне зьяўляецца незваротным. Ён прапанаваў Кітаю абмеркаваць двухбаковыя дачыненьні «праз прызму будучага сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ і дачыненьняў Кітаю з Эўропай».
«Расейская агрэсія перашкаджае разьвіцьцю ня толькі Ўкраіны. Яна таксама перашкаджае міжнароднай стабільнасьці, разьвіцьцю добрасуседзкіх дачыненьняў і, у прыватнасьці, разьвіцьцю гандлю паміж Кітаем і Эўропай», — падкрэсьліў украінскі міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр Кітаю назваў Пуціну сваю формулу «палітычнага ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу»У лютым 2023 году Кітай прапанаваў свой «мірны плян» для спыненьня вайны ва Ўкраіне, які палягае ў выкананьні Статуту ААН і павагі дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці ўсіх дзяржаў. Паводле кітайскага боку, Украіна і Расея павінны спыніць агонь і пагадзіцца на паступовую дээскаляцыю. Апроч таго, Кітай перасьцярог ад выкарыстаньня ядзернай зброі. Гэты плян крытычна ўспрынялі як ва Ўкраіне, Эўразьвязе, так і Расеі.
Украіна настойвала на вывядзеньні расейскіх войскаў з усёй сваёй тэрыторыі і пачатку мірных перамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве холадна ўспрынялі мірны плян Пэкіна аб вайне Расеі супраць Украіны