Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў 23–25 ліпеня наведвае Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку (КНДР) з афіцыйным візытам.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Беларусі, візыт адбываецца на запрашэньне Міністэрства замежных спраў КНДР «у адказ».
Звычайна «візыт у адказ» ажыцьцяўляецца пасьля таго, як краіну наведаў афіцыйны прадстаўнік іншай краіны. У той жа час на сайце МЗС Беларусі і ў дзяржаўных СМІ не было ніякіх паведамленьняў аб візыце ў Беларусь міністра замежных спраў КНДР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя дэталі візыту ў КНДР намесьніка кіраўніка МЗС БеларусіАктывізацыя адносін Беларусі і КНДР
Вядома, што сёлета ў красавіку КНДР наведваў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў. Пра гэты візыт афіцыйна не паведамлялі, пра яго стала вядома з паўночнакарэйскага інфармацыйнага агенцтва ЦТАК. Толькі праз тыдзень пасьля гэтага тагачасны кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік паведаміў аб правядзеньні палітычных кансультацый у Пхэньяне.
Тады Сяргей Алейнік сказаў, што гэта былі «плянавыя кансультацыі замежнапалітычных ведамстваў», а ў часе візыту беларускай дэлегацыі абмяркоўвалі «двухбаковы парадак дня з акцэнтам на гуманітарную супрацу», а таксама «узаемадзеяньне ў міжнародных арганізацыях».
Паводле паведамленьня агенцтва ЦТАК, на перамовах у красавіку КНДР і Бедарусь дамовіліся пра «далейшае пашырэньне і разьвіцьцё традыцыйных дачыненьняў дружбы і супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі шляхам умацаваньня кантактаў і візытаў на найвышэйшым узроўні, актыўнага стымуляваньня супрацы ў сфэры эканомікі і культуры, узмацненьня ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне адпаведна патрабаваньням часу».
У 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў прапаноўваў прэзыдэнту Расеі супольную супрацу з КНДР у трохбаковым фармаце. Сёлета ў чэрвені Ўладзімір Пуцін наведваў Пхэньян з афіцыйным візытам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што дамова з КНДР прадугледжвае «ўзаемную дапамогу ў выпадку агрэсіі» супраць адной з краін