Колькасьць арыштаваных за некалькі дзён гвалту ў Банглядэш наблізілася да адзнакі 1200 у падліках агенцтва AFP у аўторак пасьля таго, як пратэсты супраць квотаў на працаўладкаваньне выклікалі масавыя беспарадкі.
Сама меней 174 чалавекі загінулі, у тым ліку некалькі паліцыянтаў. Зьвесткі пэрыядычна паведамляюць паліцыя і шпіталі.
Дэманстрацыі супраць палітызаваных квотаў прыёму на запатрабаваныя дзяржаўныя вакансіі перарасьлі на мінулым тыдні ў адны з найгоршых хваляваньняў за ўвесь час знаходжаньня на пасадзе прэм’ер-міністаркі Шэйх Хасіны.
Улады ўвялі камэнданцкі час, салдаты разгорнутыя па ўсёй паўднёваазіяцкай краіне. Агульнанацыянальнае адключэньне інтэрнэту рэзка абмежавала паток інфармацыі, зьмяніўшы паўсядзённае жыцьцё многіх людзей.
У нядзелю Вярхоўны суд скараціў колькасьць зарэзэрваваных вакансій для пэўных групаў, у тым ліку для нашчадкаў «змагароў за свабоду» падчас вызваленчай вайны Банглядэш супраць Пакістану ў 1971 годзе. Студэнцкая група, якая ўзначальвала дэманстрацыі, прыпыніла свае акцыі пратэсту ў панядзелак на 48 гадзін, а яе лідэр заявіў, што яны не жадаюць рэформаў «коштам такой вялікай колькасьці крыві».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас студэнцкіх пратэстаў у Банглядэшы загінулі ўжо 115 чалавекАбмежаваньні засталіся ў сіле ў аўторак пасьля таго, як галоўны камандзір войска заявіў, што сытуацыя ўзятая «пад кантроль».
У сталіцы краіны Дацы шмат войскаў, на некаторых скрыжаваньнях зрабілі бункеры, а ключавыя дарогі перакрытыя калючым дротам. Але людзі працягваюць выходзіць на вуліцы, па горадзе езьдзяць сотні рыкшаў. Нягледзячы на цяжкасьці ў перасоўваньні, жыхары Банглядэш адзначаюць, што ня маюць іншага выбару — ім трэба карміць сем'і.
Паліцэйскі агонь стаў прычынай больш як паловы сьмерцяў, сьведчаць апісаньні, перададзеныя AFP супрацоўнікамі лякарняў. Памежнікі і паліцыянты стралялі па натоўпе зь вінтовак, кідалі шумавыя гранаты і ўжывалі сьлезацечны газ. Пасьля гэтага вуліцы былі пакрытыя кулямі і плямамі крыві.
Расчараваныя адсутнасьцю працоўных месцаў студэнты патрабавалі скасаваць сыстэму квотаў, паводле якой 30% дзяржаўных пасадаў рэзэрвуецца для сваякоў вэтэранаў вайны за незалежнасьць Банглядэш у 1971 годзе. Нягледзячы на разьвіцьцё прыватнага сэктару, дзяржаўная служба лічыцца ў краіне больш стабільнай і прыбытковай. Штогод на 3000 месцаў прэтэндуюць каля 400 тысяч выпускнікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь у дзясятцы найгоршых краін для працоўных паводле індэксу Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаўПасьля папярэдніх масавых студэнцкіх пратэстаў у 2018 годзе ўлады прыпынілі дзеяньне сыстэмы квотаў, аднак у чэрвені 2024 году Вярхоўны суд Банглядэш задаволіў скаргі сваякоў вэтэранаў і аднавіў квоты. На пастанову суду падалі апэляцыю. Прэм’ер-міністарка краіны Шэйх Хасіна, прыхільнікам якой, як лічыцца, выгадная сыстэма квотаў, заклікала ўсіх «цярпліва чакаць судовага вэрдыкту».
Чакаецца, што ў аўторак Банглядэш афіцыйна прыме пастанову суду аб скарачэньні квотаў на дзяржаўныя працоўныя месцы. Такім чынам, разгляд апэляцыі можа задаволіць ключавое патрабаваньне студэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля масавых пратэстаў улады Кеніі вырашылі не падвышаць падаткі