Паводле апошніх падлікаў агенцтва Associated Press, за Камалу Гарыс гатовыя галасаваць каля 2700 дэлегатаў зьезду. Для намінацыі ў прэзыдэнты патрэбна 1976 галасоў дэлегатаў. Галасаваньне пройдзе з 1 да 7 жніўня.
Адмова прэзыдэнта Байдэна ад удзелу ў выбарах адкрыла фармальную магчымасьць барацьбы за намінацыю ў прэзыдэнты. Аднак ужо ў першыя гадзіны пасьля заявы дзейнага прэзыдэнта аб падтрымцы кандыдатуры Камалы Гарыс за яе кандыдатуру выказаліся многія вядучыя палітыкі-дэмакраты. У выбарчы фонд Гарыс паступіла больш за 80 мільёнаў даляраў ахвяраваньняў ад 888 тысяч донараў.
Да вечара панядзелка ніводзін з дэмакратаў, акрамя Гарыс, не абвясьціў аб намеры змагацца за намінацыю. Губэрнатары некалькіх штатаў, якіх называлі магчымымі канкурэнтамі Гарыс, заявілі аб падтрымцы яе кандыдатуры. Да іх далучылася ўплывовая палітык, былая сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі.
Выбарчы штаб Гарыс аб’явіў аб тым, што Эрык Голдэр (ён быў міністрам юстыцыі ў Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы) узначаліць працэдуру адбору кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты. Пакуль няма ніякіх дакладных указаньняў наконт таго, каго можа выбраць Камала Гарыс.
Падчас візыту ў сваю перадвыбарную штаб-кватэру Гарыс нагадала аб тым, што яна ў свой час працавала пракурорам і таму добра знаёмая з «драпежнікамі» і «ашуканцамі». «Я ведаю, што ўяўляе зь сябе такі тып людзей, як Дональд Трамп», — заявіла Гарыс.
Дональд Трамп у сацыяльных сетках абурыўся, што рашэньне Байдэна аб адмове ад удзелу ў выбарах назвалі «гераічным учынкам», і назваў кандыдатуру Гарыс «правальнай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такая Камала Гарыс, патэнцыйная ўдзельніца выбараў у ЗША пасьля адмовы Байдэна балятавацца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камала Гарыс упершыню выступіла пасьля заявы Байдэна ў падтрымку яе вылучэньня ў прэзыдэнты