Вугоршчына, якая старшынюе ў Радзе ЭЗ, плянавала правесьці саміт міністраў замежных спраў у Будапэшце 28-29 жніўня.
«Мы павінны паслаць сыгнал, нават калі гэта сымбалічны сыгнал», — сказаў Бурэль журналістам пасьля сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ у Брусэлі.
Няўзгодненыя крокі Вугоршчыны, накіраваныя супраць адзінства ЭЗ, павінны «мець пэўныя фармальныя наступствы», падкрэсьліў палітык.
Ён таксама паведаміў, што 25 з 26 краін-партнэраў Вугоршчыны па ЭЗ у панядзелак раскрытыкавалі ініцыятыву прэм’ер-міністра Віктара Орбана, якую Будапэшт назваў «міратворчай місіяй».
Толькі Славаччына падтрымала пазыцыю Вугоршчыны.
«Я магу сказаць, што ўсе дзяржавы-члены — за адным адзіным выключэньнем — вельмі крытычна ставяцца да такіх паводзін», — сказаў Барэль.
«Менавіта Пуцін зьяўляецца бокам вайны. Адзіны, хто правакуе — гэта Пуцін, які заклікае да падзелу Ўкраіны і выдачы палонных як перадумовы для любых перамоваў і любога спыненьня агню», — адзначыў Барэль.
Раней выданьне Politico са спасылкай на трох неназваных дыпляматаў ЭЗ паведамляла, што міністры замежных спраў Эўрапейскага зьвязу маюць намер арганізаваць свой уласны саміт, каб байкатаваць імпрэзу прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана ў Будапэшце.
У той жа час, 22 ліпеня ў Брусэлі Бурэль адзначыў, што адмаўляецца ад слова «байкот». «Сустрэча адбудзецца, і Вугоршчына будзе там», — дадаў ён.
- Орбан за апошнія два тыдні зьдзейсьніў нечаканыя візыты ў Кіеў, Маскву і Пэкін з так званай «міратворчай місіяй», ня маючы на гэта мандату ад ЭЗ.
- Яго сустрэча ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным асабліва раззлавала некаторых іншых членаў NATO, якія заявілі, што гэтая паездка надала Пуціну легітымнасьць, у той час як Захад хоча ізаляваць яго з прычыны вайны ва Ўкраіне.
- Знаходзячыся ў Кіеве 2 ліпеня, Орбан заявіў, што прадставіў Зяленскаму прапанову аб спыненьні агню для перамоваў з Расеяй.