Мерапрыемства ў Белым доме было прысьвечанае сустрэчы з чальцамі Нацыянальнай асацыяцыі студэнцкага спорту. Прысутнічалі маладыя спартоўцы, у тым ліку міжнародныя чэмпіёны і прызёры, і шэсьць удзельнікаў маючай адбыцца ў Парыжы Алімпіяды.
Гарыс пачала сваю прамову з таго, што пажадала спартоўцам посьпехаў на маючых адбыцца спаборніцтвах. Яна сказала, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ня змог прысутнічаць на сустрэчы, паколькі ачуньвае ад каранавіруса, і сказала некалькі словаў пра яго самога.
«Спадчына Джо Байдэна на працягу вось ужо трох гадоў не мае аналягаў у сучаснай гісторыі. Кожны дзень наш прэзыдэнт Джо Байдэн змагаецца за амэрыканскі народ, і мы глыбока ўдзячныя яму за яго служэньне нашай краіне», — прыводзіць яе словы «Голас Амэрыкі».
Гарыс не казала пра ўласныя пляны балятавацца на прэзыдэнта, паколькі амэрыканскія законы, у прыватнасьці так званы акт Хэтча, забараняюць дзяржаўным служачым пры выкананьні службовых абавязкаў весьці палітычную дзейнасьць. Забарона не распаўсюджваецца на прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША, але калі б віцэ-прэзыдэнтка захацела на афіцыйнай сустрэчы гаварыць пра ўласныя палітычныя пляны, парушальнікамі закону аказаліся б усе супрацоўнікі Белага дому, якія б бралі ўдзел у падрыхтоўцы сустрэчы, удакладняе Бібісі.
У пасьце на плятформе X Гарыс паведаміла, што пазьней у панядзелак накіроўваецца ў Дэлавэр, каб наведаць былы перадвыбарчы штаб Байдэна, які стане зараз штаб-кватэрай яе перадвыбарчай кампаніі.
Прадстаўнікі перадвыбарчага штабу і саюзьнікі Гарыс ужо зрабілі сотні званкоў ад яе імя, заклікаючы дэлегатаў зьезду Дэмакратычнай партыі, які мае адбыцца, падтрымаць яе кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такая Камала Гарыс, патэнцыйная ўдзельніца выбараў у ЗША пасьля адмовы Байдэна балятаваццаЗьезд адкрыецца 19 жніўня ў Чыкага.
У нядзелю прэзыдэнт Джо Байдэн абвясьціў аб спыненьні сваёй кампаніі па перавыбраньні на новы тэрмін. Ён выказаўся ў падтрымку кандыдатуры Камалы Гарыс. «Для мяне вялікі гонар атрымаць ухвалу прэзыдэнта, і я маю намер заслужыць і выйграць гэтую намінацыю, — сказала Харыс. — Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб аб’яднаць Дэмакратычную партыю і наш народ, каб перамагчы Дональда Трампа».
У Дэмакратычнай партыі застаецца менш за чатыры месяцы на перадвыбарчую кампанію. Паводле ацэнак крыніц агенцтва Reuters, у штабе Трампа апошнія некалькі тыдняў рыхтаваліся да таго, што Гарыс можа ўступіць у прэзыдэнцкую гонку. Кампанія Трампа імкнецца зьвязаць з Гарыс эканамічную і іміграцыйную палітыку Байдэна, адзначаюць крыніцы.
Як паведамляецца, Гарыс паразмаўляла з лідэрам дэмакратычнай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Хакімам Джэфрысам, а таксама з губэрнатарам Пэнсільваніі Джошам Шапірам, якога некаторыя СМІ называюць магчымым кандыдатам у віцэ-прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі.
Губэрнатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам і губэрнатар Кентукі Эндзі Бешыр падтрымалі кандыдатуру Гарыс. Экс-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пеласі і былы прэзыдэнт Барак Абама пакуль афіцыйна не выступалі па гэтым пытаньні.
Губэрнатар Мічыгана Гретхэн Уітмер таксама пакуль не выказвалася на гэтую тэму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Хто будзе супернікам Трампа. Беларускі погляд з ЗШАУ 2020 годзе Гарыс прэтэндавала на прэзыдэнцкую намінацыю ад Дэмакратычнай партыі, але пазьней зьняла сваю кандыдатуру і падтрымала Джо Байдэна.
Паводле дадзеных Фэдэральнай выбарчай камісіі ЗША, у канцы чэрвеня ў распараджэньні кампаніі Байдэна было 95 мільёнаў даляраў. У Трампа было 128 мільёнаў даляраў. Экспэрты разыходзяцца ў меркаваньнях аб тым, ці зможа Гарыс выкарыстоўваць сродкі, сабраныя для Байдэна.
Ужо пасьля таго, як Байдэн абвясьціў аб выхадзе з прэзыдэнцкай гонкі, штабу Гарыс удалося прыцягнуць 49,6 мільёнаў даляраў, паведаміў у панядзелак прадстаўнік перадвыбарчага штабу віцэ-прэзыдэнта.
Рэспубліканцы раскрытыкавалі магчымае вылучэньне Камалы Гарыс у прэзыдэнты. «Мала таго, што Гарыс стала б катастрофай для Белага дому, яна дапамагла Байдэну схаваць факты пагаршэньня яго здароўя падчас знаходжаньня на пасадзе, што падрывае давер да яе», — гаворыцца ў заяве Нацыянальнага камітэту Рэспубліканскай партыі.
«Падобна на тое, апытаньні паказваюць, што мае паказчыкі ў супрацьстаяньні зь ёй яшчэ лепш, чым з Байдэнам», — заявіў Дональд Трамп.
Мяркуючы па выніках сумеснага апытаньня Reuters і Ipsos, праведзенага 15-16 ліпеня, за Гарыс і Трампа гатовая прагаласаваць прыкладна аднолькавая колькасьць выбаршчыкаў: абодвух падтрымалі 44% рэспандэнтаў.