Пра гэта піша партал «Люстэрка».
Паводле Гладкай, Крыгер заехаў у Беларусь як турыст.
«Не пазьней за 20 верасьня 2023 году кіраўнікі арганізаванай групы ўцягнулі ў яе склад грамадзяніна Нямеччыны Крыгера Рыка, як непасрэднага выканаўцу злачынстваў у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку тэракту пад іх кіраўніцтвам», — гэтыя словы, паводле зьвестак Гладкай, былі агучаныя ў судзе.
Прапагандыстка напісала, што Крыгер нібыта адправіў запыты са сваімі дадзенымі на ўкраінскія сайты, у тым ліку і ў падразьдзяленьне палку Каліноўскага «Вэстэрн».
Гладкая напісала, што з палку нібыта адказалі і зьвялі яго з супрацоўнікам Службы бясьпекі Ўкраіны па імені Мікалай, а ўжо яму 20 верасьня Рыка Крыгер пацьвердзіў гатовасьць працаваць на ўкраінскія спэцслужбы. Як адзначае Гладкая, каб «учыняць тэракты ў складзе злачыннай групы супраць нацыянальнай бясьпекі Беларусі».
Як заявіў праваабарончы цэнтар «Вясна», справа вайсковага лекара Крыгера тычыцца палку Каліноўскага (ягонага структурнага падразьдзяленьня — замежнага мэханізаванага батальёну Western). У камэнтары «Люстэрку» прадстаўнікі палку сказалі, што Рыка Крыгер ніякага дачыненьня да іх ня мае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першы вырак у Беларусі, калі сьмяротнае пакараньне не за забойства». Праваабаронца пра прысуд грамадзяніну Нямеччыны КрыгеруПаводле Гладкай, у Беларусь Крыгер заехаў турыстам 2 кастрычніка 2023-га з тэлефонамі і бесьпілётнікам. Нібыта ад СБУ ён атрымаў заданьне правесьці ў Асіповічах выведку і фатаграфаваньне аб’ектаў па каардынатах. Прапагандыстка паведаміла, што з 13 кастрычніка 2023 году замежнік знаходзіцца пад вартай. «Судзімасьці, кажа, няма. Расейскай ня ведае, таму ў судзе быў перакладчык. Консульскі доступ забясьпечаны», — расказала Гладкая.
Прысуд Крыгеру, паводле яе слоў, быў абвешчаны месяц таму. Яна напісала, што мужчына казаў у судзе, што «празь відэасувязь мне патэлефанаваў рекрутэр, вярбоўшчык», і «мне сказалі, што з маімі здольнасьцямі я буду вельмі патрэбны Ўкраіне». Таксама прывяла такое выказваньне: «Мне супрацоўнік СБУ паведаміў, што мяне запросяць у Кіеў, бо мяне хочуць узнагародзіць і асабіста са мной сустрэцца».
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што Крыгера абараняў адвакат Уладзімер Горбач. Што характэрна, ён не спэцыялізуецца на крымінальных справах.
Як паведамляецца на сайце калегіі адвакатаў, з 2013 году Горбач «аказвае прававую дапамогу пераважна субʼектам гаспадараньня Рэспублікі Беларусь у гаспадарчым працэсе». Але пры гэтым адзначаецца, што ён валодае нямецкай мовай у абʼёме, «дастатковым для аказаньня кваліфікаванай дапамогі па гаспадарчых справах прадпрыемствам зь Нямеччыны».
Міністэрства замежных спраў Нямеччыны працуе над справай грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, прыгаворанага да пакараньня сьмерцю ў Беларусі, заявіў афіцыйны прадстаўнік нямецкага МЗС Крыстыян Вагнэр, паведамляе DW. «Мы займаемся яго лёсам і з самага пачатку аказваем яму інтэнсіўную консульскую падтрымку. А таксама актыўна абараняем яго інтарэсы перад беларускімі ўладамі», — сказаў ён сёньня на ўрадавай прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне.
Ніякіх падрабязнасьцяў Вагнэр не прывёў і ўхіліўся ад адказу на пытаньне пра магчымыя прапановы Менску датычна лёсу асуджанага нямецкага грамадзяніна. «У гэтых адносінах вам яшчэ давядзецца набрацца цярпеньня. Як я ўжо сказаў, нашым прыярытэтам зьяўляецца ўсебаковая падтрымка», — дадаў ён.
Прадстаўнік нямецкага МЗС таксама расказаў, што, нягледзячы на непрызнаньне беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі абраным прэзыдэнтам, Бэрлін падтрымлівае дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю.
«У нас ёсьць амбасада ў Менску, яна дзейнічае і працуе. Гэтая консульская падтрымка ажыцьцяўляецца на месцы. Як я ўжо сказаў, я не буду заглыбляцца ў падрабязнасьці. Я магу адказаць у цэлым, што звычайна ўключае ў сябе консульская дапамога: кантакты з затрыманым, кантакты з чальцамі сямʼі, адвакатамі, наведваньне турмаў і абмеркаваньне ўмоваў утрыманьня з уладамі», — растлумачыў Вагнэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, што Беларусь кантактуе зь Нямеччынай пра «разьвіцьцё сытуацыі» вакол асуджанага да сьмерці Рыка КрыгераГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першы вырак у Беларусі, калі сьмяротнае пакараньне не за забойства». Праваабаронца пра прысуд грамадзяніну Нямеччыны Крыгеру