«ПіК Свабоды». Хто будзе супернікам Трампа. Беларускі погляд з ЗША

Натальля Райс, каляж

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў, што выходзіць з выбарчай кампаніі. Хто цяпер будзе галоўным супернікам Дональда Трампа на выбарах у лістападзе і як гэта паўплывае на амэрыканскую і сусьветную палітыку?

Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» расказвае беларуска Натальля Райс, доктар навук, былая старшая навуковая супрацоўніца Ўнівэрсытэту Тэнэсі, а цяпер экспэрт-кансультант у кансалтынгавай кампаніі Duco.

Цалкам гутарку глядзіце ў відэафармаце.

Фрагмэнты з гутаркі:

  • Такая палітычная сытуацыя, як цяпер, не здаралася з канца 1960-х гадоў, калі прэзыдэнтам быў Ліндан Джонсан. Гэта сапраўдны палітычны землятрус, нягледзячы на тое, што такога рашэньня Байдэна чакалі некалькі апошніх тыдняў.
  • Пасьля таго як прэзыдэнт Байдэн падтрымаў кандыдатуру віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс, шмат хто з уплывовых амэрыканскіх палітыкаў, донараў і людзей у мэдыя ўжо выступілі ў яе падтрымку. Але гэта ня значыць, што яна аўтаматычна займее падтрымку ўсяе Дэмакратычнае партыі.
  • У ЗША ў кожным штаце ў залежнасьці ад насельніцтва ёсьць нейкая колькасьць людзей, якія едуць на зьезд партыі і галасуюць за кандыдата. Джо Байдэн перамог на праймэрыз Дэмакратычнай партыі ўва ўсіх штатах, але гэта ня значыць, што дэлегаты на зьезьдзе абавязаныя за яго галасаваць.
  • На праймэрыз Байдэн атрымаў больш за 11 мільёнаў галасоў. Камала Гарыс была ягоным кандыдатам у віцэ-прэзыдэнты, ішла зь ім «у зьвязцы», але гэтыя галасы аддаваліся ня ёй. Цяпер абмяркоўваюць, якія могуць быць тэхнічныя працэдуры, каб Камала Гарыс займела легітымнасьць, бо гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такая Камала Гарыс, патэнцыйная ўдзельніца выбараў у ЗША пасьля адмовы Байдэна балятавацца
  • Дэмакраты на пачатку жніўня могуць правесьці так званы «віртуальны зьезд». Тыя ж самыя 4 тысячы дэлегатаў маглі б сустрэцца ў віртуальным фармаце і загадзя вызначыць, хто будзе кандыдатам. Тады на самім зьезьдзе, які мае адбыцца з 19 па 22 жніўня, ужо быў бы афіцыйны кандыдат. Гэта адзін з варыянтаў, якія цяпер абмяркоўваюцца.
  • Апошнія апытаньні грамадзкай думкі, якія я бачыла, давалі Дональду Трампу 47 працэнтаў галасоў, а Камале Гарыс — 45 працэнтаў. Гэта невялікая розьніца, якая ўкладаецца ў памылку выбаркі. Варта падкрэсьліць, што гэтыя апытаньні праводзіліся яшчэ да таго, як Джо Байдэн абвясьціў, што здымае сваю кандыдатуру і падтрымлівае кандыдатуру Гарыс. Гэта была троху іншая сытуацыя.
  • Апытаньні паказваюць, што амэрыканцаў найбольш хвалюе эканоміка. Дэмакраты кажуць, што макраэканамічныя паказьнікі сьведчаць пра добры стан амэрыканскай эканомікі — беспрацоўе толькі 4 працэнты, тэмпы эканамічнага разьвіцьця выйшлі на ўзровень да эпідэміі ковіду. Але праз высокую інфляцыю вырасьлі цэны на бэнзін, на прадукты — на тыя рэчы, на якія людзі выдаткоўваюць грошы штодня. І ў апытаньнях дзьве траціны людзей кажуць, што краіна разьвіваецца ў няправільным кірунку.
  • Трамп і рэспубліканцы кажуць, што эканоміка была ў лепшым стане падчас ягонага прэзыдэнцтва. Ён абяцае зьнізіць падаткаабкладаньне і зрабіць эканоміку мацнейшай, але пры гэтым не дае дэталяў сваіх прапановаў. Ні Трамп, ні іншыя людзі ў Рэспубліканскай партыі не тлумачаць, як яны будуць мяняць эканамічную палітыку. Гэтаксама як Трамп кажа, што зможа за суткі спыніць вайну ва Ўкраіне, але пры гэтым ніколі не тлумачыў, якім канкрэтным чынам ён будзе гэта рабіць.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.