Паводле вынікаў шасьці месяцаў Кітай імпартаваў зь Беларусі калійных угнаеньняў на 481,55 млн даляраў, што на 51,2% менш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году.
У чэрвені беларускія пастаўкі калію ў КНР склалі 88,08 млн. даляраў. Яны зьнізіліся на 55,3% у коштавым выражэньні ў параўнаньні з аналягічным месяцам мінулага году, калі было пастаўлена ўгнаеньняў на 196,6 млн даляраў, гаворыцца ў параўнаньні, зробленым Reform.by.
Разам з тым у чэрвені 2024 году Беларусь апярэдзіла Канаду па коштавым аб'ёме паставак калійных угнаеньняў у Кітай і выйшла на другое месца. У мінулым месяцы КНР атрымала з Канады ўгнаеньняў на 6,5 млн даляраў.
Нумарам адзін сярод пастаўнікоў калійных угнаеньняў у КНР застаецца Расея — за паўгода яе пастаўкі вырасьлі на 23,4%, да 663,2 млн даляраў. У студзені-чэрвені КНР атрымала канадзкага калію на 423,1 млн. даляраў, што на 4,8% больш, чым летась.
Адным з галоўных чыньнікаў, якія ўплываюць на дынаміку экспарту ў коштавым выражэньні, застаюцца цэны. Разам з тым КНР, відаць па ўсім, таксама зьніжае аб'ёмы імпарту.
У цэлым, паводле мытнай статыстыкі, КНР імпартавала 6,43 млн тон калійных угнаеньняў, што на 23,3% больш, чым летась. У той жа час коштавы аб'ём імпарту зьменшыўся на 21,7% і склаў 14,3 млрд. юаняў, што паказвае на больш нізкі ўзровень цэнаў у параўнаньні зь мінулым годам.
У сьнежні 2023-га Беларусь была найбуйнейшым пастаўніком калію ў Кітай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь стала найбуйнейшым пастаўніком калію ў Кітай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дапаможа кітайскі балянсір? Роля Паднябеснай у замежнай палітыцы Беларусі