Пра гэта заявіў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) Канстанцін Моластаў 21 ліпеня ў этэры тэлеканалу АНТ, перадае «Позірк».
У той жа час, паводле яго, захавалася ўзаемадзеяньне ў рашэньні бягучых тэхнічных пытаньняў, якія ўзьнікаюць на дзяржаўнай мяжы, найперш у пунктах пропуску.
Абстаноўка на паўднёвых рубяжах Беларусі, сьцьвярджае Моластаў, «застаецца складанай і напружанай, бо на тэрыторыі сумежнай Украіны вядуцца баявыя дзеяньні». Ён адзначыў, што сумежны бок «узмацняецца мінна-выбуховымі загародамі, працягваюцца захады выведкі, у тым ліку палёты бесьпілётных апаратаў, але пры гэтым скарацілася колькасьць правакацый на мяжы».
У той жа час, паводле сьцьвярджэньня кіраўніка ДПК, абстаноўка на заходніх рубяжах «яшчэ больш складаная ў сувязі з моцным нарастаньнем мілітарызацыі памежжа з боку сумежных дзяржаў».
«Гэта нарошчваньне ваеннага патэнцыялу, вайсковай сілы, разгортваньне паблізу дзяржаўнай мяжы шырокамаштабных і шматлікіх падразьдзелаў, вайсковых фармаваньняў, якія мы бачым і адсочваем», — патлумачыў Моластаў.
Пры гэтым Моластаў не згадаў нядаўніх манэўраў беларускага і кітайскага войскаў на Берасьцейшчыне, у непасрэднай блізкасьці да мяжы з Польшчай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Захадзе адрэагавалі на беларуска-кітайскія вучэньні на парозе NATOНа яго думку, «пасылам» да складанай міграцыйнай абстаноўкі на заходніх рубяжах Беларусі «зьявілася тое, што калісьці Эўрапейскі зьвяз прапаноўваў усім мігрантам палітычны прытулак, працу і гэтак далей».
«Але, на жаль, зараз усё адбываецца наадварот. Цяпер мігранты просяць палітычнага прытулку ў краінах Балтыі, у Польшчы, цярпяць гвалтоўнае выправаджэньне, выцясьненьне, і, адпаведна, не выконваюцца тыя абяцаньні, якія былі калісьці дадзеныя», — заявіў кіраўнік ДПК, не прывёўшы, як у свой час Аляксандар Лукашэнка, ніякіх доказаў, што ЭЗ прапаноўваў прыняць усіх мігрантаў.
Кантакты па лініі памежных службаў Беларусі і Ўкраіны спыніліся праз падтрымку Менскам расейскай ваеннай агрэсіі.
Узаемадзеяньне з сумежнымі краінамі Эўразьвязу шмат у чым згорнутае ў сувязі зь мігранцкім крызісам, які працягваецца зь вясны 2021 году. Улады Польшчы і краін Балтыі называюць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Gazeta Wyborcza: На мяжы Беларусі і ЭЗ ад пачатку мігранцкага крызісу загінулі 126 чалавек