У эфіры БТ старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала расказаў, што цягам бліжэйшых шасьці месяцаў у Беларусі будзе прымяняцца амністыя для людзей, якія адбываюць пакараньне. Сярод іх і тыя, хто выходзіў на пратэсты ў 2020 годзе.
«Мы выдалі судам мэтадычныя рэкамэндацыі, як правільна прымяняць некаторыя нормы амністыі. На працягу шасьці месяцаў яна будзе актыўна прымяняцца», – растлумачыў ён.
Паводле яго слоў, калі яны не ўчынілі ніякіх цяжкіх і небясьпечных злачынстваў, то Лукашэнка можа іх памілаваць. Сукала згадаў, што раней такіх выпадкаў было 14, але не ўдакладніў, пра што канкрэтна вядзецца гаворка. Разам з тым ён прызнаў, што сярод іх былі і палітвязьні.
«Рашэньні прымае галавы дзяржавы. Строга індывідуальна» – сказаў Сукала.
- 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што шэраг асуджаных з палітычных матываў у Беларусі неўзабаве могуць выйсьці на волю. Паводле Лукашэнкі, гаворка найперш пра цяжкахворых (перадусім на анкалёгію) асуджаных у Беларусі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году.
- 3 ліпеня Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Дакумэнт ужо апублікаваны на сайце pravo.by, ён набыў моц. Як паведамлялі раней, амністыю прыменяць да 7850 асуджаных.
- Паводле стану на 3 ліпеня ў Беларусі 1409 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, пры гэтым рэальная колькасьць асуджаных з палітычных матываў можа быць большай.
- Некаторыя палітвязьні маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым неабходнай мэдычнай дапамогі яны, як правіла, не атрымліваюць. Паводле зьвестак «Вясны» на пачатак траўня, праваабаронцам вядома сама меней пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх 91 чалавек зь цяжкім станам здароўя, 65 тых, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем), 16 з інваліднасьцю.