Рэкордную за апошнія восем месяцаў колькасьць спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі — 40 — спыніла 20 ліпеня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз яе штодзённых зьвестак.
9 лістапада 2023 году літоўскія памежнікі перадухілілі 41 спробу незаконнага пранікненьня, з тых часоў іх колькасьць нязьменна была меншай альбо — як два папярэднія дні, 18 і 19 ліпеня, — раўнялася нулю.
Латвія 20 ліпеня перадухіліла 30 спробаў (двума днямі раней — 81, што стала найбольшым паказьнікам пасьля 21 траўня).
Польскія службы 19 ліпеня (зьвестак за папярэдні дзень пакуль няма) спынілі 11 спробаў нелегальнага пранікненьня зь беларускай тэрыторыі (мінімум пасьля 6 ліпеня; суткамі раней — 36).
У ліпені мігранты прыкметна актывізаваліся на латвійскім і літоўскім кірунках, зьнізілі актыўнасьць на польскім. За 20 дзён месяца латвійскія службы спынілі 705 спробаў пранікненьня зь Беларусі (за ўвесь чэрвень — 427, травень — 543), літоўскія — 80 (у чэрвені — 36, у траўні — 34, у красавіку — 47).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Польшча вызначыла асобу мігранта, які забіў вайскоўца на польска-беларускай мяжы. Ён яшчэ ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія ўлады толькі парадаваліся». Па кім ударыць забарона на праезд у ЭЗ машын зь беларускімі нумарамі