Урад Расеі ўхваліў прадстаўлены Міністэрствам энэргетыкі праект дамовы пра стварэньне «аб’яднанага энэргетычнага рынку Саюзнай дзяржавы».
У ім гаворыцца, што праект узгоднены з МЗС РФ і «іншымі зацікаўленымі фэдэральнымі органамі выканаўчай улады», а таксама «папярэдне прапрацаваны зь беларускім бокам». У дакумэнце ідзе гаворка пра рынак электраэнэргіі.
Пасьля зацьвярджэньня ўрадам дакумэнт прадстаўлены на подпіс прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну.
29 студзеня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэньні Найвышэйшага дзяржсавету так званай «Саюзнай дяржавы» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея «пакуль цалкам ня вызначыліся ў самых галоўных пытаньнях — гэта тычыцца стварэньня адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў». Паводле ягоных словаў, ён рэгулярна абмяркоўвае гэтыя пытаньні з Пуціным.
Раней Лукашэнка адзначаў, што адзіны энэргарынак — гэта адно з ключавых пытаньняў, якое трэба ўрэгуляваць у адносінах Масквы і Менску, успомніў «Позірк».
24 траўня ў Менску на сустрэчы з Пуціным Лукашэнка зноў заявіў пра неабходнасьць канчатковага ўзгадненьня ўмоў паставак расейскіх нафты і газу ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін назваў «пытаньнем часу» стварэньне агульнага парлямэнту і адзінай валюты «саюзнай дзяржавы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь «практычна асвоіла» мільярдны расейскі крэдыт на імпартазамяшчэньне і просіць новы