Перад Міністэрствам па надзвычайных сытуацый стаіць задача «ў корані памяняць сыстэму апавяшчэньня», заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітры Круты 20 ліпеня падчас паездкі ў Магілёўскую вобласьць.
Паводле яго слоў, якія прыводзіць дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, sms-рассылкі з папярэджаньнямі МНС «выклікаюць у грамадзян усьмешку», «гэтая сыстэма неэфэктыўная».
«Таму з калегамі з МНС думаем фактычна пра фармат ваеннага часу — апавяшчальнікі, гучныя сырэны, якія будуць імгненна ўключацца пры такіх ураганных вятрах і патэнцыйна бачных страшных зьявах. І людзі будуць разумець, што трэба бегчы ў сховішча», — сказаў чыноўнік.
Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджаньняў у сыстэме электраперадачы, парушэньняў водазабесьпячэньня, разбурэньняў.
Паводле інфармацыі МНС, стыхія забрала жыцьці шасьці чалавек. Сотні населеных пунктаў некалькі дзён заставаліся без электрычнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтуюцца да вайны, а генэратары ня ў стане купіць». Што расказваюць пра сытуацыю ў Мазыры мясцовыя жыхары