У расейскім Краснадары жыхары перакрылі вуліцу, патрабуючы падачы электрычнасьці і вады

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Краснадары мясцовыя жыхары выйшлі на пратэст і перакрылі вуліцу краязнаўцы Салаўёва, патрабуючы ад уладаў аднавіць падачу электрычнасьці і вады.

У Краснадарскім краі праводзяцца масавыя адключэньні электраэнэргіі, як сьцьвярджаецца, з прычыны абмежаваньня падачы электрычнасьці зь іншых рэгіёнаў і сьпякоты.

Пратэстоўцы скардзяцца, што на працягу лета сьвятло ў іх адключалі спачатку па адным разе на тыдзень, потым па тры разы. Цяпер у дамах няма электрычнасьці па 12-15 гадзін за содні, паведамляе выданьне «База». Краснадарцы крычаць: «Дайце сьвятло!». Па словах пратэстоўцаў, камунальныя службы ігнаруюць іх званкі і запыты.

З-за адсутнасьці электраэнэргіі ў некаторых дамах зьнікае і вада, бо адключаюцца помпавыя станцыі, і газ. Пры гэтым тэмпэратура ў Краснадары дасягае 40°C.

Выданьне 93.ru падлічыла, што на стыхійны мітынг выйшлі ўжо каля 200-300 чалавек.

На месца мітынгу прыехаў мэр горада Яўген Навумаў, а таксама супрацоўнікі паліцыі. На відэа з месца бачна, як сілавікі выводзяць пад рукі некалькі чалавек з натоўпу.

Улады абяцаюць забясьпечыць пастаўкі тэхнічнай вады.

Адключэньні праводзяцца і ў іншых рэгіёнах на поўдні Расеі, на Паўночным Каўказе і ў анэксаваным Крыме. Паводле зьвестак «Сыстэмнага апэратара», 16 ліпеня ў энэргасыстэме поўдня Расеі быў усталяваны абсалютны гістарычны максымум спажываньня магутнасьці — 20954 МВт, паведамляў «Інтэрфакс».

Сярод прычын, якія прывялі да піку спажываньня і адключэньняў экспэрты вылучаюць гарачыню, пік турыстычнага сэзону і падключэньне да энэргасыстэмы занятых расейскімі войскамі тэрыторый Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтуюцца да вайны, а генэратары ня ў стане купіць». Што расказваюць пра сытуацыю ў Мазыры мясцовыя жыхары