Улады Гомельскай вобласьці прынялі 7 072 заявы на выплаты па страхоўках «Белдзяржстраху» за шкоду маёмасьці, пацярпелай ад шквалістага ветру, зь іх 860 паступіла 19 ліпеня, вынікае з інфармацыі афіцыйнага тэлеграм-канала Гомельскага аблвыканкаму.
«З іх абсьледавана ўжо 2699 заяваў, аформленыя адпаведныя акты. На выплату накіраваныя 127 заяваў», — гаворыцца ў паведамленьні. Такім чынам, на кампэнсацыйныя выплаты пакуль можа разьлічваць толькі 4,7% просьбітаў, чые заяўкі разгледзелі, заўважыў «Позірк».
Адзначаецца, што ўжо ёсьць дамоўленасьць з аддзяленьнямі банкаў аб працы ў выходныя, каб «людзі змаглі атрымаць выплаты па лініі «Белдзяржстраху».
- Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджаньняў у сыстэме электраперадачы, парушэньняў водазабесьпячэньня. Гомельская вобласьць — адна з найбольш пацярпелых, асабліва пацярпелі Мазырскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Петрыкаўскі і Жлобінскі раёны.
- Праз навальніцы з залевамі і шквалістым ветрам 14 ліпеня электрычнасьць зьнікла ці была парушаная ў 1960 населеных пунктах Беларусі.
- Паводле інфармацыі МНС Беларусі, гэтымі днямі з прычыны стыхіі загінулі шэсьць чалавек.