Пры атацы бесьпілётніка ў ізраільскім Тэль-Авіве 19 ліпеня загінуў грамадзянін Беларусі. Гэтую інфармацыю Tochka.by пацьвердзілі ў беларускім МЗС.
«Беларускія дыпляматы ў Ізраілі знаходзяцца ў кантакце зь мясцовымі праваахоўнымі органамі і пры неабходнасьці гатовыя надаць консульска-прававое садзейнічаньне», — дадалі ў МЗС Беларусі.
У ізраільскіх пабліках паведамляюць, што загінулы беларус — 50-гадовы Яўген Фрэдэр. Ён прыехаў у Ізраіль два гады таму і працаваў у гатэлі Тэль-Авіва.
Прэс-служба ЦАХАЛ паведаміла, што ўначы 19 ліпеня ў Тэль-Авіве ўзарваўся бесьпілётнік іранскай вытворчасьці. Удар прыйшоўся па жылым доме ў Тэль-Авіве. Апроч аднаго загінулага, восем чалавек атрымалі раненьні. Дрон быў запушчаны з Емэна.
Адказнасьць за атаку ўзяў на сябе хусіцкі рух «Ансар Алах». Ягоны лідэр Ях’я Сарыя заявіў, што атаку ажыцьцявілі з прымяненьнем новага БПЛА «Яфа».
«У нас ёсьць шэраг цэляў у акупаванай Палестыне, і мы працягнем наносіць па іх удары ў адказ на масавыя забойствы, якія зьдзяйсьняе праціўнік. Раён Тэль-Авіва знаходзіцца ў межах дасяжнасьці нашай зброі і стане для нас галоўнай цэльлю», — сказаў ён.
Хусіты — ваенізаваная групоўка ў Емэне, якая, імаверна, выкарыстоўвае вайсковую і фінансавую падтрымку Ірану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія емэнскія хусіты і чаму іх атакуюць?