«Часова выконваючым абавязкі камандзіра Палка імя Кастуся Каліноўскага прызначаны Павал „Дзядзька“ Шурмей. Дзяніс „Кіт“ перадаў яму абавязкі камандзіра палка. Дадзенае прызначэньне было ўхвалена камандзірам часткі», — гаворыцца ў паведамленьні.
47-гадовы Павал Шурмей — прафэсійны вясьляр, удзельнік дзьвюх Алімпіяд у складзе зборнай Беларусі па акадэмічным веславаньні. На момант пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне знаходзіўся ў ЗША, адкуль адразу ж накіраваўся ў Кіеў і далучыўся да беларускага добраахвотніцкага руху. Быў паранены. У Беларусі супраць Шурмея заведзеная крымінальная справа.
«Дзяніс „Кіт“ зараз займаецца іншымі важлівымі накірункамі палка, пра якія мы паведамім пазьней. Мы будуем Полк Каліноўскага зь людзьмі, якія падзяляюць мэты і ідэю палка, і заклікаем станавіцца ў нашыя шэрагі», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы.
Полк імя Кастуся Каліноўскага — вайсковае фармаваньне ў складзе УСУ, створанае ў сакавіку 2022 году. Полк складаецца з двух батальёнаў — «Волат» і «Літвін». У шэрагах падразьдзяленьня ваююць грамадзяне Беларусі. Галоўная мэта палку Каліноўскага — «Вызваленьне Беларусі праз вызваленьне Ўкраіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першы вырак у Беларусі, калі сьмяротнае пакараньне не за забойства». Праваабаронца пра прысуд грамадзяніну Нямеччыны Крыгеру