На думку некаторых высокапастаўленых эўрапейскіх дыпляматаў і галоўнага амэрыканскага генэрала ў Эўропе, пагроза Эўропе і нават ЗША, хутчэй за ўсё, ня зьнікне са спыненьнем расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Афіцыйныя асобы, якія выступалі ў чацьвер на штогадовым Аспэнскім форуме па пытаньнях бясьпекі ў Калярада, казалі, што вайна ва Ўкраіне і падтрымка Кіева носяць экзыстэнцыйны характар, але перамога Ўкраіны над расейскімі сіламі ўварваньня будзе толькі пачаткам.
«Вынік на месцах вельмі, вельмі важны, — заявіў кіраўнік эўрапейскага камандаваньня ЗША і вярхоўны галоўнакамандуючы Аб’яднаных узброеных сіл NATO ў Эўропе генэрал Крыстафэр Каволі. — Але мы не павінныя мець ілюзій. Пасьля завяршэньня вайны ва Ўкраіне, чым бы яна ні скончылася, у нас будзе вельмі вялікая праблема з Расеяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе: Без падтрымкі Ўкраіне можа пагражаць частковая альбо поўная параза«Мы сутыкнёмся з сытуацыяй, калі Расея аднаўляе свае сілы, знаходзячыся каля межаў NATO, калі ва ўладзе ў РФ знаходзяцца ў асноўным тыя ж людзі, што і цяпер, і калі яна перакананая ў тым, што мы — праціўнік, і пры гэтым яна вельмі-вельмі раззлаваная», — растлумачыў ён.
Дарадца канцлера Нямеччыны ў міжнародных справах і бясьпецы Енс Плетнэр заявіў, што рашэньні расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна прывялі да фазы працяглага, зацяжнога канфлікту з Расеяй.
«Мы назіраем гібрыдную актыўнасьць па ўсёй Эўропе, — указаў Плетнэр. — Мы назіраем гібрыдную актыўнасьць у ЗША. Мы бачым, як Расея заходзіць у Афрыку. Мы бачым, як Расея аднаўляе сувязі з Тэгеранам ці, што яшчэ горш, з Пхеньянам». Паводле яго слоў, усё гэта — «частка агульнай карціны, якую мы павінны прызнаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік Генштабу бундэсвэру бачыць рэальную пагрозу для NATO з боку Расеі ад 2029 годуВыступы Каволі і Плетнэра прагучалі на фоне зьезду Рэспубліканскай партыі ЗША, дзе прыхільнікі кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Дональда Трампа раздавалі плякаты з надпісам «Трамп пакладзе канец вайне ва Ўкраіне».
Сэнатар Джэй Дэйвід Вэнс, якога Трамп абраў у якасьці кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты ЗША, выступае за мірныя перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай. У сваю чаргу некаторыя эўрапейцы абвінавачваюць Вэнса ў тым, што ён прымяншае пагрозу, якая паходзіць ад Пуціна.
Выступаючы на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі раней сёлета, Вэнс сказаў: «Я думаю, што лепшы спосаб дапамагчы Украіне з эўрапейскай пэрспэктывы — гэта зрабіць Эўропу больш самадастатковай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэспубліканская партыя намінавала Трампа кандыдатам на прэзыдэнта ЗША. Ён назваў, каго хоча бачыць віцэ-прэзыдэнтамНекаторыя эўрапейскія чыноўнікі не згодныя са сьцьвярджэньнямі, што Эўропа не прыкладае дастатковых намаганьняў для сваёй самаабароны. Яны ўказваюць на ініцыятыву па стварэньні эўрапейскага патэнцыялу высокадакладных ракет для супрацьдзеяньня нарошчваньню Расеяй уласнага патэнцыялу.
Генэрал Каволі таксама адхіліў крытыку рэспубліканцаў. «Гэта зусім іншая Эўропа, чым тая, на якую мы наракалі гадамі, — сказаў ён. — Гэта Эўропа, якая ўсьведамляе, у чым цяжар, і разумее што ён павінен быць падзелены. І ў яе ёсьць арганізацыі, якія гатовыя гэты цяжар падзяліць».
«Гэта менавіта той партнэр, якога мы шукалі тры дзесяцігодзьдзі. Цяпер менавіта той час, калі ўнёсак ЗША прынясе найбольшую карысьць», — сказаў ён.