Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на публікацыю польскага журналіста-расьсьледніка Яцэка Харлуковіча на партале Onet.
Паводле Харлуковіча, кіраўніцтва каналу падазраюць у заключэньні бяз тэндэру 248 кантрактаў. Як сьцьвярджае партал, многія з гэтых кантрактаў ня былі выкананыя.
У публікацыі адзначаецца, што пасярэднікам у заключэньні згаданых угодаў выступала ІТ-кампанія, якая належыць 37-гадоваму Шымону Пуачу.
Пуач, як падкрэсьліваецца ў матэрыяле, зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам фонду, зь якім зьвязаны Пётр Мюлер — прэсавы сакратар папярэдняга ўраду Польшчы на чале з Матэвушам Маравецкім.
Мюлер адмаўляе сувязь з Пуачам і заявіў ў камэнтары парталу, што нават зь ім незнаёмы. Агнешка Рамашэўска напісала ў сваіх сацсетках, што ніколі ў жыцьці не размаўляла з былым прэсавым сакратаром ураду Мюлерам.
Onet у сваім матэрыяле паведаміў, што Рамашэўска адмаўляецца адказваць на пытаньні журналістаў. Але ў сацсетцы X яму запярэчыла сама экс-дырэктарка Белсату. Выявілася, што журналіст тэлефанаваў і пісаў смсы на былы службовы нумар Рамашэўскай, якім яна не карыстаецца 4 месяцы.
Выконваючы абавязкі старшыні «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі напісаў у сябе ў Фэйсбуку, што апісаныя ў артыкуле парталу Onet нібыта «злоўжываньні» гэта няпраўда і паклёп.
«Аўтар артыкулу Яцак Гарлуковіч нават не зацікавіўся, як гэтага вымагаюць элемэнтарныя журналісцкія правілы, ані маім камэнтаром, ані камэнтарамі іншых асобаў, чые прозьвішчы пададзеныя ў матэрыяле. Неўзабаве будзе падрыхтаваная адмысловая заява з падрабязным тлумачэньнем сытуацыі, якая пойдзе ў рэдакцыю Onet і іншых мэдыяў. У выпадку адмовы ў яе публікацыі, не выключаю юрыдычных крокаў». – напісаў Дзікавіцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі «Белсату» заклікалі кіраўніцтва Польшчы і TVP захаваць тэлеканал як асобны праектХарлуковіч паведамляе, што 17 ліпеня распачатае расьсьледаваньне паводле падазрэньня ў фінансавых парушэньнях на «Белсаце».
Журналіст піша, што з прычыны парушэньняў тэлеканал мог панесьці страты на суму каля 7 млн злотых (каля 1,75 мільёна даляраў). Паводле зьвестак Харлуковіча, да стратаў на суму каля 5 млн злотых (1,25 мільёна даляраў) маглі прывесьці дамовы на аказаньне ІТ-паслугаў з «фальшывымі фактурамі ПДВ».
Пры гэтым, на думку журналіста, «Белсат» мог зусім не зьвяртацца да пасрэдніцкіх паслугаў кампаніі Пуача, а заключыць неабходныя ўгоды наўпрост з інтэрнет-правайдэрамі.
У публікацыі падкрэсьліваецца, што Пуач адмаўляе абвінавачваньні на свой адрас, заяўляючы, што «цэны на паслугі былі рынкавыя» і што ён «ніколі не атрымліваў ніякай дадатковай фінансавай і асабістай выгады ад заключэньня такога кантракту або замовы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мільёны стратаў». На былую дырэктарку «Белсату» Рамашэўску-Гузы падалі пазоў у пракуратуру ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала кіраўніка МЗС Польшчы Сікорскага падтрымаць «Белсат»Пасьля прыходу да ўлады па выніках парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў кастрычніку 2023 году, урад на чале з новым прэмʼер-міністрам Дональдам Тускам пачаў рэвізію грамадзкіх і дзяржаўных СМІ, якія, на яго думку, адстойвалі інтарэсы толькі партыі-канкурэнта «Права і справядлівасьць», якая кіравала краінай да леташніх выбараў.
Тэлеканал «Белсат» створаны для вяшчаньня на Беларусь у 2007 годзе на падставе дамовы паміж МЗС Польшчы і TVP.