Перад падпісаньнем мэмарандума аб намерах з Эўракамісіяй 19 ліпеня ў Бялградзе ў прысутнасьці канцлера ФРГ Оляфа Шольца прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч даў вялікае інтэрвію двум карэспандэнтам нямецкай эканамічнай газэты Handelsblatt, піша DW.
«Ці вялі вы перамовы з вытворцамі з Кітая?» — спыталі карэспандэнты Handelsblatt. «Яны вельмі выразна выказалі сваю зацікаўленасьць у атрыманьні доступу да гэтага радовішча літыя. Але мы ім паведамілі, што абмяркоўваем гэтую тэму з эўрапейцамі. Мы ляяльныя да Эўропы», — падкрэсьліў Аляксандр Вучыч. Ён запэўніў, што ніякіх перамоваў з кітайцамі няма, толькі з эўрапейцамі.
Пасьля гэтага нямецкія журналісты наўпрост пацікавіліся, ці разглядае Сэрбія радовішча літыя ў якасьці ўваходнага білета ў ЭЗ. Адзначыўшы, што гэты праект будзе надзвычай важным для яго краіны і што ў будучыні бізнэс, зьвязаны з літыем, зможа забясьпечваць да 16% ВУП, прэзыдэнт Сэрбіі запэўніў: «Паверце, сяброўства ў ЭЗ значна важней Для нашых грамадзян доступ да агульнага рынку і свабода перамяшчэньня, спрошчаны памежны кантроль значаць для нас больш, чым грошы».
Прэзыдэнт Сэрбіі не пагадзіўся з заўвагай журналістаў аб тым, што насельніцтва яго краіны ўсё больш скептычна ставіцца да інтэграцыі ў Эўразьвяз: «Я лічу, што большасьць сэрбаў выступае за ўступленьне ў ЭЗ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акадэмія навук распрацавала інструкцыю, як абыходзіцца з «экстрэмісцкай літаратурай»