Аэрапорты, банкі і кампаніі па ўсім сьвеце паведамілі аб тэхнічных праблемах праз збой у Windows. А як у Беларусі?

Сіні экран на касе ў супэрмаркеце ў Сіднэі. 19 ліпеня 2024

У кампутараў Windows з праграмным забеспячэньнем CrowdStrike зьявіліся праблемы, паведамляе Bloomberg. У выніку шэраг найбуйнейшых авіякампаніі мусілі прапыніць палёты, адзначае CNN.

Глябальны кібэрзбой у сьвеце спыняе палёты, закранае СМІ, фінансы, тэлекамунікацыі

Кампанія кібэрбясьпекі CrowdStrike 19 ліпеня паведаміла, што кампутары з усталяваным яе праграмным забесьпячэньнем маюць праблемы з раптоўным адключэньнем апэрацыйнай сыстэмы Windows.

Праз збой прылад, якія працуюць на сыстэме Windows авіяперавозчыкі, тэле- і радыёвяшчальныя кампаніі, банкі, паведамілі аб праблемах з працай, пішуць The Guardian і BBC.

Аб праблемах паведамляецца, у прыватнасьці, у ЗША, Вялікай Брытаніі, Італіі, Індыі, Новай Зэляндыі, Аўстраліі.

Збоі ў ЗША

Паводле CNN, найбуйнейшыя амэрыканскія авіякампаніі прыпынілі палёты праз праблемы з сувязьзю. Такая ж праблема назіралася і ў іншых краінах.

Як піша Reuters, 19 ліпеня асноўныя амэрыканскія авіякампаніі спыняюцца са спасылкай на праблемы з сувязьзю, у той час як іншыя перавозчыкі, мэдыякампаніі, банкі і тэлекамунікацыйныя фірмы па ўсім сьвеце таксама паведамляюць, што збоі ў сыстэме парушаюць іх працу.

Авіякампаніі American Airlines, Delta Airlines, United Airlines і Allegiant Air спынілі рэйсы менш як праз гадзіну пасьля таго, як Microsoft заявіла, што зьліквідавала збой у працы воблачных сэрвісаў, які паўплываў на некалькі танных перавозчыкаў.

Адразу не было ясна, ці зьвязаны заклік спыніць вылет рэйсаў з ранейшым збоем у воблаку Microsoft.

Лёнданская біржа

Збоі ў Эўропе

Гішпанія паведаміла пра «кампутарны інцыдэнт» ва ўсіх сваіх аэрапортах, у той час як Ryanair, найбуйнейшая ў Эўропе авіякампанія ў колькасьці пасажыраў, папярэдзіла пасажыраў аб патэнцыйных збоях, якія, па яе словах, закрануць «усе авіякампаніі, якія працуюць па сетцы».

Лёнданская фондавая біржа ў пятніцу пацярпела ад тэхнічнага збою, які адклаў пачатак таргоў і паўплываў на яе службу рынкавых навін на фоне збояў ва ўсім сьвеце.

У стужцы навін кампаніі LSE «у цяперашні час узьнікла глябальная тэхнічная праблема трэцяга боку, якая перашкаджае публікацыі навін», гаворыцца ў заяве.

«Тэхнічныя групы працуюць над аднаўленьнем сэрвісу. Іншыя сэрвісы групы, у тым ліку Лёнданская фондавая біржа, працягваюць працаваць у звычайным рэжыме».

Лёнданскі FTSE 100 пазьней адкрыўся прыкладна ў 07:20 паводле Грынвічу, індэкс зьнізіўся на 0,6 працэнта да 8155,73 пункта. Звычайна ён пачынае працу ў 07:00 па Грынвічы.

Збоі ў Аўстраліі і Новай Зэляндыі

Маштабны збой выклікаў хаос у ІТ-сыстэмах па ўсёй Аўстраліі і Новай Зэляндыі ў пятніцу, выклікаючы затрымкі ў паездках, перашкаджаючы тэлевізійным трансьляцыям і адключаючы сыстэмы супэрмаркетаў.

Нацыянальны каардынатар у кібэрбясьпецы Аўстраліі заявіў, што «маштабны тэхнічны збой» быў выкліканы праблемай з «плятформай праграмнага забесьпячэньня трэцяга боку», што разьвеяла першапачатковыя асьцярогі адносна ўдзелу хакераў.

Фатаздымкі, апублікаваныя ў інтэрнэце, паказалі вялікія чэргі, якія ўтварыліся ў аэрапорце Сіднэя, што паведаміла агенцтва AFP, што некаторыя авіякампаніі і службы тэрміналаў былі закранутыя.

«Рэйсы ў цяперашні час прыбываюць і вылятаюць, аднак на працягу вечара могуць быць некаторыя затрымкі», — сказаў прадстаўнік аэрапорту Сіднэя.

Міжнародны аэрапорт Крайстчэрч у Новай Зэляндыі таксама заявіў, што «сутыкаецца з ІТ-праблемамі ў шэрагу сыстэм, якія могуць паўплываць на прыбыцьцё і адпраўленьне рэйсаў».

Новая Зэляндыя заявіла, што таксама пацярпелі банкі і кампутарная сетка ўнутры парлямэнту краіны.

Аўстралійская нацыянальная вяшчальная кампанія ABC заявіла, што яе сыстэмы былі пашкоджаныя «буйным» збоем, які сарваў некаторыя тэле- і радыёвяшчаньні.

Некаторыя тэрміналы касаў ў адной з найбуйнейшых сетак супэрмаркетаў Аўстраліі сталі бескарыснымі, адлюстроўваючы сінія паведамленьні пра памылкі.

Тэлекамунікацыйная кампанія Telstra заявіла, што некаторыя яе сыстэмы былі парушаныя, што, магчыма, паўплывала на экстраныя службы, якія выкарыстоўвалі яе сетку.

Дасьледчык кібэрбясьпекі з Унівэрсытэту Паўднёвай Аўстраліі Джыл Слэй заявіла, што глябальныя наступствы збояў, верагодна, будуць «велізарнымі».

А як у Беларусі

Сытуацыя з Microsoft ніяк не паўплывала на працу Нацыянальнага аэрапорту Менск, сказаў БелТА намесьнік генэральнага дырэктара ў авіяцыйнай бясьпецы і рэжыме аэрапорту Вадзім Праўлоцкі.

«Аэрапорт і ўсе ключавыя сыстэмы Нацыянальнага аэрапорту Менск працуюць у штатным рэжыме. У нас ніякіх збояў няма», – паведаміў Вадзім Праўлоцкі.

У авіякампаніі «Белавія» дадалі, што «збояў у працы не назіраецца, усе сэрвісы працуюць у штатным рэжыме, на гэты момант ніякіх патэнцыйных рызык ня бачым», – пракамэнтавалі ў прэс-службе авіяперавозчыка.