Пасьля таго як бязьвізавы рэжым пашырыўся на грамадзян яшчэ 35 эўрапейскіх дзяржаў, МУС Беларусі нагадала, што іншаземцы з гэтых краін павінны на працягу 10 дзён з дня прыезду ў Беларусь зарэгістравацца ў падразьдзяленьнях грамадзянства і міграцыі па месцы жыхарства.
Таксама можна прайсьці электронную рэгістрацыю — гэта можна зрабіць на адзіным партале электронных паслуг, тлумачаць у МУС.
Для параўнаньня: грамадзяне Расеі, паводле МЗС, могуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі да 90 дзён, грамадзяне Армэніі, Казахстану, Літвы, ААЭ, Украіны і Эстоніі — да 30 дзён без рэгістрацыі.
Тым часам уладальнікі арэнднага жыльля пры засяленьні іншаземцаў цяпер абавязаныя паведамляць пра іх міліцыі цягам 3 гадзін. За парушэньне гэтага патрабаваньня прадугледжаны штраф да 20 базавых велічыняў (800 рублёў). Патрабаваньне тычыцца таксама фізычных асобаў, якія здаюць жыльлё ў арэнду.
- Беларусь увяла бязьвізавы ўезд праз наземныя пункты пропуску для грамадзян 35 эўрапейскіх краін, ён пачне дзейнічаць з 8:00 19 ліпеня.
- Скарыстацца правам бязьвізавага ўезду ў Беларусь можна будзе неабмежаваную колькасьць разоў на працягу ўсяго пэрыяду дзеяньня да 31 сьнежня 2024 году ўключна.
- Пры гэтым іншаземцы могуць знаходзіцца ў Беларусі ня больш за 30 дзён запар і ня больш за 90 дзён у каляндарным годзе.
- Да гэтага такі бязьвіз працаваў толькі для грамадзян Польшчы, Літвы і Латвіі.