Паводле Белгідрамету, 18 ліпеня на мэтэастанцыі на праспэкце Незалежнасьці ў Менску выпала 88 мм ападкаў.
Папярэдні раз Белгідрамет паведамляў пра «самы інтэнсіўны дождж за ўсю гісторыю мэтэаназіраньняў» у ліпені 2017 году. З 18-й гадзіны 25 ліпеня да 4-й гадзіны 26 ліпеня ў Менску выпала 77 мілімэтраў ападкаў. Намесьніца начальніка службы гідрамэтэаралягічных прагнозаў Белгідрамету Сьвятлана Рыбакова тады адзначала, што гэта «87% месячнай ліпеньскай нормы ападкаў» і «абсалютны рэкорд за ўсю гісторыю мэтэаназіраньняў».
Яшчэ раней высокі ўзровень ападкаў у Менску, паводле прадстаўніцы Белгідрамету, быў зафіксаваны ў ліпені 1973 году, калі выпала 73,5 мілімэтра ападкаў.
Па стане на 13:00 18 ліпеня 2024 году ў выніку залевы ў Менску падтапіла 38 участкаў дарог, паркінг, адзін будынак і два падземныя пераходы, паведамляе Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі. Вада заліла дзьве станцыі мэтро — «Парк Чалюскінцаў» і «Ўсход», іх праз гэта часова закрывалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску моцная залева, падтапіла 38 участкаў дарог і дзьве станцыі мэтро