У лістападзе 2023 году толькі 2,6% з тысячы апытаных беларусаў падтрымалі ўключэньне краіны ў склад Расеі, у той час як у 2009-м такіх было 4%, заявіў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні сацыёляг Андрэй Вардамацкі на сустрэчы ў Варшаве «Мэнтальная ўстойлівасьць беларусаў у сучасных умовах», піша «Позірк».
7,3% апытаных у лістападзе 2023 году (у 2009-м — 12%) выказаліся за такія ж адносіны з Расеяй, якія Беларусь мае зь іншымі суседнімі краінамі: з закрытымі межамі, візавым рэжымам і мытным кантролем на мяжы, расказаў Вардамацкі пра вынікі праведзеных дасьледаваньняў.
14,5% апытаных (супраць 13% у 2009-м) удзельнікаў дасьледаваньня падтрымалі ідэю «саюзнай дзяржавы», 73,1% (67% — у 2009-м) выказаліся за «незалежнае і дружалюбнае» суіснаваньне (з адкрытымі межамі, бязь візавага і мытнага кантролю).
На сустрэчы сацыёляг таксама прэзэнтаваў вынікі дасьледаваньня па пытаньні стаўленьня беларусаў да магчымага ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях. Апытаньне, паводле Вардамацкага, праводзілі ў чатыры этапы: у сакавіку 2022 году, траўні 2022-га, верасьні 2022-га і чэрвені 2023 году. Адказы былі наступныя:
- супраць уводу войскаў на пералічаных этапах выказаліся адпаведна 85,0%, 85,1%, 80,9% і 80,2% апытаных;
- падтрымалі ўдзел беларускай арміі ў вайне 11,1%, 8,2%, 9,5% і 10,1% апытаных;
- не змаглі вызначыцца з адказам 3,5%, 6,3%, 9,5% і 9,7% адпаведна.
Таксама экспэрт прывёў вынікі праведзенага ў 2022 годзе апытаньня аб прычынах падзеяў 2020 году ў Беларусі.
Апытаным прапанавалі ацаніць па шкале ад 0 да 5 ступень уплыву на іх той ці іншай зьявы.
- 4,34 бала з 5 магчымых атрымаў варыянт «Гвалт пасьля выбараў у жніўні 2020 году».
У ліку найбольш папулярных адказаў аказаліся таксама:
- паводзіны сілавікоў пасьля выбараў (3,97 бала),
- фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня (3,95),
- эканамічныя праблемы (3,23),
- рэакцыя ўладаў на пандэмію каранавірусу (3,02) і
- недружалюбная палітыка заходніх краін у дачыненьні да Беларусі (2,53).