У Санкт-Пецярбургу ў дачыненьні да музэю сучаснага мастацтва «Эрарта» склалі пратакол аб «дэманстрацыі нацысцкай сымболікі». Пра гэта паведаміла кіраўніца прэс-службы судоў гораду Дар’я Лебедзева, заўважыў праект Радыё Свабода «Север.Реалии».
Падставай для пратаколу стаў надпіс «Жыве Беларусь» пад карцінай беларускага мастака «Фэстываль». На карціне намаляваныя людзі, якія танцуюць у народных строях на сцэне, перад якой стаяць падобныя да целаахоўнікаў мужчыны ў чорным адзеньні. Як мяркуецца, надпіс — гэта частка экспазыцыі.
Паліцэйскія экспэрты вырашылі, што лёзунг «Жыве Беларусь» быў сымбалем 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД (службы бясьпекі райхсфюрэра СС) і 30-й грэнадэрскай (пяхотнай) дывізіі Вафэн-СС, нароўні з нацысцкім партыйным прывітаньнем.
Музэю пагражае штраф да 50 тысяч расейскіх рублёў (каля 1800 беларускіх), карціну таксама могуць канфіскаваць.
- Аўтарам лёзунгу «Жыве Беларусь» лічыцца клясык беларускай літаратуры Янка Купала. Гэтыя словы прысутнічаюць у адным зь ягоных вершаў, напісаным у 1907 годзе. Яшчэ да Першай сусьветнай вайны лёзунг займеў папулярнасьць у асяродзьдзі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.
- Падчас Другой сусьветнай вайны лёзунг «Жыве Беларусь» выкарыстоўвалі ня толькі калябарацыяністы, але і атрады савецкіх партызан і падпольны друк. Нават у савецкія часы выкарыстоўвалася яго трансфармаваная форма — «Няхай жыве Савецкая Беларусь».
- Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі лёзунг перасталі выкарыстоўваць дзяржаўныя ўстановы, тым часам ён набыў папулярнасьць сярод прыхільнікаў беларускай апазыцыі.