На сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Валянцінам Рыбаковым Аляксандар Лукашэнка паспрабаваў абвергнуць інфармацыю аб прэтэнзіях у свой адрас з боку генэральнага сакратара ААН Анптонію Гутэрыша ў ходзе перамоваў 4 ліпеня ў Астане (Казахстан) на палях саміта ШАС.
«Мы сустракаліся з Антонію Гутэрышам. Адбылася такая цікавая размова, цікавая сустрэча. Інтэрпрэтавалі яе па-рознаму некаторыя СМІ, асабліва ў інтэрнэце. Тыпу таго, што там прэтэнзіі нейкія Гутэрыш прадʼявіў нам. Выдатна разумееш, седзячы і знаходзячыся тамака, у Нью-Ёрку, ніякіх прэтэнзій да нас прадʼяўлена не было. Наадварот, станоўчую атрымалі мы ацэнку», — заявіў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Рыбакова.
Паводле слоў Лукашэнкі, якія перадае ягоная прэс-служба, Беларусь як адна з краін — заснавальніц ААН «падтрымлівала і будзе падтрымліваць» арганізацыю і працягне «працаваць над тым, каб ААН была больш эфэктыўнай».
На афіцыйным сайце ААН 4 ліпеня паведамлялася, што падчас сустрэчы з Лукашэнкам, якая адбылася ў той жа дзень, Гутэрыш выказаў занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выказаў пажаданьне, каб амністыя, у выніку якой было вызвалена некалькі палітвязьняў, стала «крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі».
Генэральны сакратар падкрэсьліў важнасьць спыненьня вайны ва Ўкраіне на аснове Статуту ААН, міжнароднага права і шанаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў.
Прэс-служба Лукашэнкі падрабязнасьцяў сустрэчы не падавала.
У новай справаздачы спэцыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, апублікаванай у чэрвені, гаворыцца, што сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца, палітычныя рэпрэсіі скіроўваюцца супраць грамадзян ня толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі.
Што папярэднічала
8 красавіка Рыбакоў сустрэўся з Гутэрышам. Генсеку было перададзена асабістае пасланьне Лукашэнку з «падзякай за прызначэньне пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі».
Гутэрыш 28 сакавіка прызначыў на гэтую пасаду прадстаўніка Азэрбайджану Расула Багірава.
У сакавіку ўмяшацца ў сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі заклікала Гутэрыша дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. Заклік прагучаў каля амбасады Беларусі ў Вільні на сустрэчы з журналістамі, прысьвечанай рэжыму «інкамунікада», у якім улады ў Менску ўтрымліваюць шмат палітвязьняў.
У лютым Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) запатрабаваў ад беларускіх уладаў прыняць «тэрміновыя меры абароны» ў дачыненьні да палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака і Віктара Бабарыкі, якія «ўтрымліваюцца бяз сувязі са зьнешнім сьветам». Камітэт таксама запатрабаваў «забясьпечыць фізычнае і псыхічнае здароўе» Ціханоўскага, даць яму доступ да кваліфікаванай мэдычнай дапамогі, адвакатаў і сямʼі, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе КПЧ.
Трэцяга ліпеня прайшоў інтэрактыўны дыялёг аб Беларусі на 56-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН .
На ім Спэцыяльная дакладчыца аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн прадставіла новы даклад пра сытуацыю ў краіне.
Прадстаўнікоў афіцыйнага Менску на паседжаньні не было. Падчас абмеркаваньня дакладу ніводная краіна не заступілася за рэжым Лукашэнкі.
Пасьля прэзэнтацыі дакладу, падчас яго абмеркаваньня, усе сьпікеры ад імя сваіх краін, аб’яднаньняў ці арганізацыяў у той ці іншай форме выказвалі трывогу наконт пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі — зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі, перасьледу журналістаў і праваабаронцаў, адвольных арыштаў, жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня, катаваньняў і сьмерцяў у месцах зьняволеньня, становішча палітвязьняў, ціску на грамадзян унутры Беларусі і за яе межамі.
Яны заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць палітвязьняў, пачаць супрацоўнічаць зь міжнароднымі праваабарончымі мэханізмамі, спыніць садзейнічаньне расейскай агрэсіі супраць Украіны.