Скончылася расьсьледаваньне супраць сузаснавальніц «Імагуру», справу рыхтуюць для падачы ў суд

Сядзіба «Імагуру» ў Варшаве, куды арганізацыя пераехала пасьля разгрому ў Менску

У Беларусі рыхтуецца чарговы завочны палітычна матываваны працэс.

Улады заявілі, што скончана расьсьледаваньне завочнай крымінальнай справы супраць сузаснавальніц мінскага стартап-хаба «Імагуру».

Тацяне Марыніч і Анастасіі Хамянковай інкрымінавалі па 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, перадаюць праваабаронцы са спасылкай на сілавікоў.

Паводле сьледзтва, Марыніч і Хамянкова, у прыватнасьці, маюць дачыненьне да «ўчыненьня шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці». Яны нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фармаваньнем, на інтэрнэт-рэсурсах якога разьмяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы ў падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020-м годзе».

«Іх асноўная мэта — дыскрэдытацыя канстытуцыйных асноваў Рэспублікі Беларусь, падтрыманьне радыкальнага і пратэставага патэнцыялу, а таксама захоп улады неканстытуцыйным шляхам».

Справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь апусьцілася адразу на 10 пазыцый у рэйтынгу краін для стартапаў

У Беларусі спэцвядзеньне адбываецца ў адносінах некалькіх дзясяткаў чалавек. Гэта вядзеньне ў крымінальнай справе ў дачыненьні абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі краіны.

Папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія даюць магчымасьць завочна праводзіць сьледзтва і суды над асобамі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама канфіскоўваць іх маёмасьць, набылі моц 27 ліпеня 2023 году.

У сакавіку 2021 году ў менскі офіс «Імагуру» штурмавалі сілавікі ў масках, якія затрымалі некалькі дзясяткаў удзельнікаў устаноўчай канфэрэнцыі Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў. Пасьля гэтага дзейнасьць бізнэс-прасторы ў Беларусі давялося згарнуць, а маёмасьць перадаць на дабрачынныя мэты.

Цяпер арганізацыя працуе за мяжой.

Заснавальніца «Імагуру» Тацяна Марыніч пасьля сьмерці свайго мужа, былога міністра замежнаэканамічных сувязяў і дыплямата Міхаіла Марыніча, выехала ў Гішпанію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьпісе «тэрарыстаў» ад КДБ ужо амаль 450 беларусаў