Польская пракуратура пачала расьсьледаваньне пасьля пазову пра фінансавыя парушэньні на «Белсаце»

Ілюстрацыйнае фота

Раней стала вядома, што ліквідатар TVP падаў у акруговую пракуратуру Варшавы заяву аб фінансавым злоўжываньні былой дырэктаркай «Белсату» Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

У выніку пасьля разгляду пазову пракуратура вырашыла пачаць сьледзтва ў справе.

Як раней напісала радыё Zet, заява ліквідатара TVP тычылася фінансавых парушэньняў, невыкананьня абавязкаў і злоўжываньня паўнамоцтвамі. Падазрэньні вынікалі з вынікаў аўдыту, які паказаў пераплату за IT-паслугі, празь якія TVP магла страціць каля 7 млн злотых (прыблізна 1,78 млн даляраў). Паводле аўдытараў, папярэдняе кіраўніцтва «Белсату» замаўляла IT-паслугі бяз конкурсу і аналізу рынку ў фірмаў, якія ня мелі адпаведнага досьведу і ўтварыліся нядаўна. Пэўныя паслугі дубляваліся.

У адказ на апавяшчэньне кіраўніцтва Польскай тэлевізіі аб магчымым зьдзяйсненьні злачынства, якое складаецца ў выпуску так званых «пустых рахункаў-фактураў» за ІТ-паслугі, Акруговая пракуратура Варшавы вырашыла пачаць расьсьледаваньне, паведаміла выданьне Press.pl.

У заяве, апублікаванай 17 ліпеня, Telewizja Polska падкрэсьліла, што Акруговая пракуратура Варшавы пачала расьследаваньне ў справе аб буйнамаштабнай маёмаснай шкодзе, прычыненай TVP SA пры ліквідацыі маёмасьці ў 2018–2024 гадах асобамі, якія займаліся яго дзейнасьцю ў пытаньні ўласнасьці.

«Кампанія магла страціць каля 7 мільёнаў злотых, заключыўшы дамовы на аказаньне ІТ-паслуг, гэта значыць дзеяньне паводле артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Польшчы, і выставіўшы фальшывыя рахункі-фактуры ПДВ на суму каля 5 мільёнаў злотых за ІТ-паслугі, якія фактычна не былі аказаны, з мэтай атрыманьня фінансавай выгады», — гаворыцца ў паведамленьні TVP.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзікавіцкі адрэагаваў на заяву ў пракуратуру супраць былой кіраўніцы «Белсату»

Раней былая дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая ўзначальвала канал да сакавіка 2024 году, абурылася распаўсюдам інфармацыі пра падазрэньні ў зьдзяйсьненьні ёй злачынства. Суму ў 7 млн злотых яна назвала «абсурднай».

Рамашэўская-Гузы запатрабавала спыніць паклёп і публікацыі аб меркаваных злачынствах, якія без судовай праверкі вінавацяць яе ў раскраданьні сродкаў «Белсату».

Рамашэўская-Гузы заяўляе, што кантракты былі аплачаныя «адпаведна працэдурам, якія ўжываюцца ў TVP, рашэньні звычайна таксама перадаваліся праз іншыя аддзелы кампаніі», а сродкі на IT-паслугі ня ўтойваліся, іх абвяшчалі ў бюджэце каналу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі «Белсату» заклікалі кіраўніцтва Польшчы і TVP захаваць тэлеканал як асобны праект