Спартовыя фэдэрацыі і клюб інвалідаў: у Беларусі вырашылі ліквідаваць яшчэ тры спартовыя арганізацыі

Ілюстрацыйнае фота з афіцыйнага сайту Беларускай рэспубліканскай фэдэрацыі амэрыканскага футболу

Адразу тры спартовыя арганізацыі могуць хутка ліквідаваць у Беларусі: Беларускія фэдэрацыі дартсу і амэрыканскага футболу, а таксама фізкультурна-спартыўны клюб інвалідаў «Ветразь», паведамляе «Позірк».

Згодна з раскладам судовых паседжаньняў, 30 ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе разгледзяць пазовы Міністэрства юстыцыі Беларусі аб ліквідацыі Беларускай фэдэрацыі дартсу (зарэгістраваная ў 1999 годзе) і Беларускай рэспубліканскай фэдэрацыі амэрыканскага футболу (зарэгістраваная ў 2017 годзе, паўнапраўны сябра Міжнароднай фэдэрацыі амэрыканскага футболу).

У гэты ж дзень у Берасьцейскім абласным судзе разгледзяць пазоў галоўнага ўпраўленьня юстыцыі мясцовага аблвыканкаму аб ліквідацыі фізкультурна-спартыўнага клюбу інвалідаў «Ветразь», які займаўся папулярызацыяй інваліднага спорту.

Гэта ня першыя пазовы аб ліквідацыі розных спартовых арганізацый у Беларусі за апошні час:

  • 10 ліпеня ў судах разглядалі пазовы аб ліквідацыі футбольных клюбаў «Нёман-Агра» і «Забудова — ХХІ стагодзьдзе», а таксама Беларускай фэдэрацыі спорту чанбара,
  • 12 ліпеня — Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу,
  • 16 чэрвеня стала вядома пра намер уладаў ліквідаваць 8 спартовых арганізацыяў: клюб зьмяшаных адзінаборстваў «Фэнікс», Беларускую фэдэрацыю сілавога мнагабор’я, Беларускае грамадзкае абʼяднаньне традыцыйных адзінаборстваў «Айкібуда», Фэдэрацыю хакею зь мячом, Беларускую фэдэрацыю каратэ сётакан, спартыўны клюб «Полацк», Фэдэрацыю «Стрыт воркаўт», Беларускую фэдэрацыю айкідо есінкан,
  • 26 чэрвеня стала вядома пра ліквідацыю Фэдэрацыі хакею зь мячом,
  • 27 чэрвеня анансавалі разгляд пазову аб ліквідацыі Беларускага саюзу спартоўцаў.

Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за пэрыяд пасьля жніўня 2020 году і да канца чэрвеня 2024-га ў Беларусі ліквідавалі сама меней 1696 некамэрцыйных арганізацыяў (НКА) — абʼяднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў і асацыяцыяў.

Паводле стану на 30 чэрвеня 2024 году 1061 некамэрцыйная арганізацыя Беларусі знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ 635 НКА самастойна прынялі рашэньне аб ліквідацыі (паводле праваабаронцаў, такія рашэньні прымаюцца перш за ўсё з прычыны ціску на сябраў і супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя і агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ліквідуюць Асацыяцыю інвалідаў і арганізацыю, якая бараніла правы жанчын
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады хочуць ліквідаваць Беларускую фэдэрацыю пэйнтбола