Асуджаны па палітычных матывах адвакат, аўтар кнігі «Зэкамэрон» Максім Знак увайшоў у шорт-ліст прэміі Цэнтру Вацлава Гавэла.
Штогадовая ўзнагарода «Disturbing the Peace Award to a Courageous Writer at Risk», у шорт-ліст якой увайшоў Максім Знак, прысуджаецца аўтарам «выбітных твораў мастацкай літаратуры, літаратуры нон-фікшн, біяграфій, мэмуараў, драматургіі або паэзіі, якія мужна адстойваюць іншадумства і падвяргаюцца несправядлівасьці».
Апроч Знака, у шорт-лісьце прэміі сёлета таксама літаратары з Індыі, Ірану і Кітаю.
У 2021 годзе гэтую ўзнагароду атрымаў беларускі паэт Дзьмітры Строцаў.
У лютым 2021 году пераклад кнігі Знака «Зэкамэрон» атрымаў прэмію PEN Translates Ангельскага ПЭН-клюбу.
Пераклад на ангельскую мову зрабіў прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту, дасьледчык беларускай гісторыі і літаратуры Джым Дынглі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раман «Зэкамерон» палітвязьня Максіма Знака ўвайшоў у шорт-ліст брытанскай літаратурнай прэміі- Максім Знак — юрыст, прадстаўнік штабу экс-банкіра Віктара Бабарыкі, які прэтэндаваў на пасаду прэзыдэнта, сябра першага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі. 6 верасьня 2021 году асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі па арт. 361 («заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»), арт. 357 («змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») Крымінальнага кодэксу.
- 21 траўня 2022 году працоўная група па адвольных затрыманьнях ААН накіравала беларускім уладам апавяшчэньне аб прызнаньні неправамерным пазбаўленьне волі Знака.
- Палітвязень знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада (бяз сувязі са зьнешнім сьветам) зь лютага 2023 году.