Легкавыя аўтамабілі зь беларускімі нумарамі ў Літву пускаць ня будуць; тыя, хто прыехаў, вымушаныя будуць выехаць або перарэгістравацца на працягу паўгода, паведаміла Мытня Літвы.
З 00:00 18 ліпеня 2024 году легкавыя аўтамабілі зь беларускімі нумарамі ня будуць пускаць на тэрыторыю Эўразьвязу.
Літва такім чынам выконвае рашэньне аб новых санкцыях Эўразьвязу адносна Беларусі за яе саўдзел у ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Забарона на ўезд на тэрыторыю ЭЗ распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі, незалежна ад нацыянальнасьці іх уладальніка або кіроўцы.
Да 16 жніўня дапускаецца ўвоз на тэрыторыю Літвы легкавога аўтамабіля, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі, што мае дзейную візу або дзейны дазвол на часовае ці пастаяннае пражываньне ў Літве, які дазваляе ўезд у ЭЗ. Выключэньне не распаўсюджваецца на аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах.
Мытня Літвы інфармуе, што легкавыя аўтамабілі зь беларускімі нумарамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Эўразьвязу, у тым ліку ў Літве, павінны пакінуць яе да 18 студзеня 2025 году (уключна). Да гэтай даты аўтамабілі зь беларускімі нумарамі могуць удзельнічаць у дарожным руху на тэрыторыі Літвы, а таксама ўвозіцца і рэгістравацца ў Літве.
Пасьля гэтай даты аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, ня змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Літвы. Асобы, якія кіруюць аўтамабілямі зь беларускімі нумарамі пасьля апублікаваных тэрмінаў забароны, будуць прызнавацца парушальнікамі заканадаўства і прыцягвацца да адказнасьці, прадугледжанай артыкулам 515 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, які прадугледжвае штраф і канфіскацыю аўтамабіля.
Забарона не пашыраецца на ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, а таксама Літвы аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі, на дыпляматычных дзяржаўных нумарах, калі аўтамабіль неабходны для функцыянаваньня дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтваў або міжнародных арганізацый, якія карыстаюцца імунітэтам у адпаведнасьці зь міжнародным правам, або прызначаныя для супрацоўнікаў дыпляматычных місій і іх блізкіх сямейнікаў для асабістага карыстаньня.
Раней такія абмежаваньні ўвяла Латвія
Раней ў адпаведнасьці з заканадаўствам Эўрапейскага зьвязу і тлумачэньнямі Эўракамісіі, Падатковая служба Латвіі паведаміла, што з 16 ліпеня забаронены праезд асобам з зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь транспартнымі сродкамі — легкавымі аўтамабілямі.
Забарона распаўсюджваецца на ўезд у Эўразьвяз праз латвійска-беларускія і латвійска-расейскія памежныя пункты.
У мэтах зьніжэньня рызык абыходу санкцый Эўразьвяз, зацьвердзіўшы 8-ы пакет санкцый супраць Беларусі, у значнай ступені зраўняў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні Беларусі, з санкцыямі, уведзенымі супраць Расеі, адзначае служба на сваім сайце.
Цяпер забаронены імпарт зь Беларусі такіх тавараў, якія дазваляюць Беларусі дывэрсыфікаваць крыніцы даходу, што дазваляе ёй удзельнічаць у расейскай агрэсіі супраць Украіны, калі гэтыя тавары паходзяць зь Беларусі або калі яны экспартуюцца зь Беларусі. У дадатак таксама ўваходзяць легкавыя аўтамабілі.
У мэтах забесьпячэньня выкананьня санкцый ЭЗ з 16 ліпеня 2024 году забаронены ўезд на тэрыторыю Латвійскай Рэспублікі асобам на транспартных сродках, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь. Забарона на ўезд ня будзе распаўсюджвацца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстаньня ў руху дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтваў.
Іншыя асобы, якія едуць на транспартным сродку, зарэгістраваным у Беларусі, ня змогуць уехаць на ім у ЭЗ, перасякаючы дзяржаўную мяжу Латвійскай Рэспублікі. Чалавек з транспартным сродкам, зарэгістраваным у Беларусі, павінен будзе вярнуцца з памежнага пункту ў тую краіну, зь якой ён плянаваў уехаць у Латвію.
У выпадку адмовы асобы выконваць прадпісаньні мытнага органу, у тым ліку пры вяртаньні ў Беларусь ці Расею, можа быць прынята рашэньне аб канфіскацыі транспартнага сродку ў адпаведнасьці з нарматыўнымі актамі мытнай сфэры.
Асобам дазволяць вяртацца з ЭЗ у Беларусь на легкавых транспартных сродках, зарэгістраваных у Беларусі, калі яны не задэкляраваныя як тавар і выкарыстоўваюцца толькі як транспартны сродак.
Любой аўтатранспартнай кампаніі, створанай у Беларусі, забаронена ажыцьцяўляць аўтамабільныя перавозкі грузаў, у тым ліку транзытныя, па тэрыторыі Эўразьвязу. З 1 ліпеня 2024 году таксама дзейнічае забарона на перавозкі грузаў па тэрыторыі Эўразьвязу, якія ажыцьцяўляюцца аўтатранспартнымі кампаніямі з выкарыстаньнем прычэпаў або паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі, у тым ліку калі цягачы гэтых прычэпаў або паўпрычэпаў зарэгістраваныя ў іншых краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заявіла, што абмежаваньні на ўезд у ЭЗ аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі не закрануць пасажырскі рух