Беларускія памежнікі паведамілі пра затрыманьне літоўца, якога на радзіме нібыта падазраюць у забойстве

Ілюстрацыйнае фота

Пра затрыманьне 41-гадовага літоўца, якое адбылося яшчэ 28 чэрвеня, 16 ліпеня паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

Як сьцьвярджаецца ў паведамленьні ДПК, затрыманы літовец зьдзейсьніў у Шальнічынкайскім раёне забойства мясцовага жыхара, пасьля чаго зьехаў у Беларусь, каб там схавацца ад крымінальнага перасьледу. Літоўца сустрэлі двое беларусаў, якія адвезьлі яго ў Горадню і нанялі яму кватэру, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

У Беларусі завялі крымінальную справу па факце арганізацыі незаконнага ўезду, а таксама знаходжаньня на тэрыторыі краіны. У паведамленьні ДПК не ўдакладняецца, пра якія менавіта артыкулы ідзе гаворка.

«Затрыманы раней ужо адбываў пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі за ўчыненьне розных злачынстваў, у тым ліку і за забойствы», — заяўляе ведамства.

Адзначаецца, што грамадзяніна Літвы пасьля працэсуальных дзеяньняў па крымінальнай справе дэпартуюць на радзіму.

На прэс-канфэрэнцыі 25 чэрвеня ў Менску намесьнік генпракурора Аляксей Стук заявіў, што Беларусь «імкнецца выконваць» просьбы замежных калег. Ён нагадаў, што Менск задаволіў усе тры запыты Вільні аб выдачы асобаў для крымінальнага перасьледу.

«Два злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці і адно — прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. <...> Відавочна, нам такія людзі тут не патрэбныя. Забірайце і разьбірайцеся зь імі», — аргумэнтаваў рашэньне беларускага органа Стук.

«Цяпер у нас на разглядзе знаходзіцца просьба латыскага і польскага боку. Гэтая просьба разглядаецца», — дадаў ён.

У той жа час, паводле намесьніка генпракурора, суседнія краіны адмаўляюць Беларусі ў яе запытах. Такую пазыцыю ён лічыць незразумелай:

«Навошта яны ўтрымліваюць у сябе злачынцаў, [выдачу] якіх мы запытваем сапраўды па гэтых агульнакрымінальных артыкулах?»

«Недружалюбнымі краінамі» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі называюць дзяржавы, якія ўвялі ў дачыненьні да Беларусі санкцыі або далучыліся да іх. Гэта ўсе краіны Эўразьвязу, а таксама ЗША, Альбанія, Вялікая Брытанія, Ісьляндыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя, Швайцарыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы палічылі, колькі ў беларускіх турмах засталося палітвязьняў-замежнікаў пасьля вызваленьня 5 украінцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тлустая пасада». Што такое беларускае бюро Інтэрполу і як яны шукаюць беларусаў за палітыку