Нацыянальная канвэнцыя Рэспубліканскай партыі ў Мілўокі (штат Вісконсін) у панядзелак намінавала Дональда Трампа кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ЗША.
Былы прэзыдэнт ЗША і кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах у лістападзе Дональд Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што выбраў кандыдатам у віцэ-прэзыдэнты сэнатара ад штату Агаё Джэймза Дэйвіда Вэнса, больш вядомага як Дж. Д. Вэнс.
Што вядома пра кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты ЗША?
2 жніўня яму споўніцца 40 гадоў. Пры нараджэньні ён атрымаў імя Джэймз Дональд Баўмэн (James Donald Bowman), пасьля разводу маці зьмяніла сыну імя на Джэймз Дэйвід Гэймэл (James David Hamel) у гонар новага мужа. Пазьней узяў прозьвішча дзеда, Джэймза Лі Вэнса (James Lee Vance).
У 2003 годзе пасьля заканчэньня школы пайшоў служыць у Корпус марской пяхоты, падчас Ірацкай вайны займаўся ў Корпусе сувязямі з грамадзкасьцю, у 2007 годзе завяршыў службу. У 2009-м скончыў унівэрсытэт штату Агаё, дзе вывучаў паліталёгію і філязофію, у 2013-м скончыў Ейльскую школу права.
Працаваў адвакатам у юрыдычнай фірме Sidley Austin у Ілінойсе, працягнуў кар'еру ў Крэмніевай даліне.
У 2017 годзе стаў бізнэс-партнэрам сузаснавальніка AOL Стыва Кейса ў вэнчурнай кампаніі Revolution LLC.
Вэнс напісаў мэмуары Hillbilly Elegy, якія сталі ў ЗША бэстсэлерам. У 2020 годзе іх для Netflix экранізаваў рэжысэр Рон Говард.
У лістападзе 2022 году Вэнс перамог на выбарах у Сэнат ЗША ў сваім родным штаце Агаё.
Асабістае жыцьцё
Жонка Вэнса Уша Вэнс (Чылукуры) паходзіць зь сям'і эмігрантаў зь Індыі. Яны разам былі студэнтамі ў Ейльскім унівэрсытэце, дзе яна вывучала права. У сям'і трое дзяцей.
Вэнс гадаваўся ў пратэстанцкай сямʼі, але доўгі час казаў, што актыўна ня ўдзельнічае ні ў якой хрысьціянскай дэнамінацыі. У жніўні 2019 году ён ахрысьціўся ў Каталіцкай царкве.
Выступаў супраць падтрымкі Ўкраіны
Вэнс неаднаразова выступаў з крытыкай амэрыканскай вайсковай дапамогі Ўкраіне. Ён заяўляў, што ў інтарэсах ЗША прызнаць, што «Ўкраіне давядзецца аддаць нейкую сваю тэрыторыю расейцам».
У сьнежні 2023 году прадстаўнікі абедзьвюх асноўных партыяў ЗША крытыкавалі яго за заклік прыпыніць дапамогу Ўкраіне, бо, паводле яго, такая дапамога пойдзе на тое, каб украінскія міністры «маглі купіць сабе большыя яхты».
Пазыцыя па NATO
Выступаючы ў 2024 годзе на Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы, Вэнс сказаў, што ЗША ня хочуць выходзіць з NATO, але пры гэтым Злучаным Штатам варта пераключыць увагу на Ўсходнюю Азію, а некаторыя эўрапейскія краіны NATO не выдаткоўваюць дастаткова грошай на ўласную бясьпеку.
Пазыцыя ў сацыяльных пытаньнях
Вэнс выступае супраць абортаў, але ў дэбатах казаў, што пытаньне аб легальнасьці абортаў павінна вырашацца на ўзроўні штатаў.
Вэнс таксама выступаў супраць фэдэральнага заканадаўчага акту ў абарону аднаполых і міжрасавых шлюбаў. Падчас дэбатаў на выбарах у Сэнат ён казаў: «Я лічу, што шлюб ёсьць паміж мужчынам і жанчынай, але я не лічу, што пытаньне аднаполых шлюбаў цяпер сярод найважнейшых. Я ня з тых, хто хоча разарваць чужыя сем’і».
Міграцыя, сьцяна на мяжы, мова
Некалі Вэнс крытыкаваў Трампа за ягоную пазыцыі наконт мігрантаў, але пазьней ён падтрымаў ягоную прапанову наконт сьцяны на паўднёвай мяжы ЗША і фінансаваньне гэтай сьцяны.
У 2023 годзе Вэнс ініцыяваў законапраект, каб зрабіць ангельскую мову афіцыйнай мовай Злучаных Штатаў.