Ужо сёньня: дзень памяці Янкі Станкевіча, гадавіна падзелу хрысьціянскай царквы

Гатычная царква XVI ст. у вёсцы Мураванка Шчучынскага раёну Горадзенскай вобласьці, якая за сваю доўгую гісторыю пабывала і праваслаўнай, і ўніяцкай.

Падзеі 16 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

16 ліпеня 1054 году — папскія легаты абвясьцілі адлучэньне ад царквы канстантынопальскага патрыярха Міхаіла Керуларыя, а ён — легатаў. Гэтая дата лічыцца пачаткам Вялікай схізмы, якая падзяліла адзіную да таго часу хрысьціянскую царкву на дзьве часткі: каталіцкую і праваслаўную.

16 ліпеня 2021 — увайшло ў найноўшую гісторыю Беларусі як дзень масавай атакі на незалежную журналістыку. Сілавікі разграмілі менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Канфіскавалі тэхніку. У той жа дзень адбыліся ператрусы ў журналістаў Свабоды, «Белсату» і іншых незалежных выданьняў.

Таксама ў гэты дзень

1941 — Нямецкія войскі занялі Смаленск.

1945 — ЗША правялі першае пасьпяховае выпрабаваньне атамнай бомбы на палігоне ў штаце Нью-Мэксыка.

1951 — быў апублікаваны славуты раман «Лавец у жыце» амэрыканскага пісьменьніка Джэрома Сэлінджэра.

1990 — Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

1990 — Савет Міністраў БССР абвясьціў комплекс помнікаў гісторыі і культуры Полацку Полацкім гісторыка-культурным запаведнікам рэспубліканскага значэньня.

2005 — у Менску пачаўся IV зьезд беларусаў сьвету.

У гэты дзень нарадзіліся

1863 — Ціхан Кібардзін, беларускі архітэктар. Пад ягоным кіраўніцтвам у 1890 і 1902 гадах былі распрацаваныя генэральныя пляны забудовы Віцебску.

1872 — Руаль Амундсэн, нарвэскі падарожнік.

Прадбачлівасьць і асьцярожнасьць аднолькава важныя: прадбачлівасьць — каб своечасова заўважыць цяжкасьці, а асьцярожнасьць — каб самым дбайным чынам падрыхтавацца да іх сустрэчы.

Руаль Амундсэн

Руаль Амундсэн

1879 — Васіль Рагуля, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, пасол Сэйму і сэнатар у міжваеннай Польшчы.

1908 — Юрка Лявонны, беларускі паэт. Расстраляны савецкімі карнымі органамі ў 1938 годзе.

Паўлюк Трус і Юрка Лявонны (справа) на І Усебеларускім зьезьдзе «Маладняка». Менск, 1925 год


1968 — Лары Сэнгер, адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар Вікіпэдыі.

У памяці

1976 — Ян Станкевіч, беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзяяч.

Ян Станкевіч. Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы. Рэґенсбурґ, 1947.

1985 — Генрых Бёль, нямецкі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

1989 — Гербэрт фон Караян, аўстрыйскі дырыжор.

1990 — Мікалай Арэхва, дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык.​

2005 — Яніна Каханоўская, дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША, бабуля сьпевака Данчыка.

Яніна Шабуня-Каханоўская (зьлева) і Натальля Арсеньнева на дэманстрацыі ў Дзень паняволеных народаў. Нью-Ёрк, 1954 год