Суд у Берасьці за «акт тэрарызму»
У Берасьцейскім абласным судзе 15 ліпеня ў закрытым рэжыме судзяць 36-гадовага мясцовага жыхара Дзьмітрыя Асіюка. Яго вінавацяць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»), ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку»), чч. 3 і 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), ч. 3 арт. 207 («Разбой»). Справу разглядае Мікалай Сянько.
Праваабаронцам вядома, што пад вартай яго ўтрымліваюць са сьнежня 2023 году. Адразу яго трымалі ў менскім СІЗА-1, а праз час этапавалі ў берасьцейскі сьледчы ізалятар.
Праваабаронца берасьцейскага філіялу «Вясны» Ўладзімер Вялічкін заявіў Свабодзе, што не выключае таго, што справа Дзьмітрыя Асіюка мае палітычную афарбоўку.
«Шмат рэчаў, на якія мы зьвяртаем увагу ў гэтай справе. Судом першай інстанцыі ёсьць абласны суд, што ўжо сьведчыць пра сур’ёзнасьць справы. Падбор выстаўленых у абвінавачаньні артыкулаў таксама ўказвае на адметнасьць. Тут і разбой, і незаконныя дзеяньні з гаручым рэчывам, псаваньне транспартнага сродку, акт тэрарызму. І пры гэтым працэс зрабілі закрытым, што можа сьведчыць пра слабую доказную базу, інакш бы не хавалі матэрыялаў ад грамадзкасьці.
Па нашых зьвестках, Дзьмітрыя Асіюка па арышце трымалі ў Менску, а ўжо потым перавезьлі ў Берасьцейскае СІЗА. Вядома, што беларускі рэжым зараз вельмі заклапочаны тым, каб паказаць крамлёўскім куратарам, што тут шукаюць і знаходзяць мясцовых жыхароў, якія нібыта нейкім чынам зьвязаныя з вайной, якую Расея вядзе ва Ўкраіне. Не выключаю, што па выніку суду будзе якраз такая справаздача — што нібыта нэўтралізавалі чарговага тэрарыста», — мяркуе Ўладзімер Вялічкін.
Пра Дзьмітрыя Асіюка праваабаронцам вядома толькі, што яму 36 гадоў і ён жыў у райцэнтры Бяроза Берасьцейскай вобласьці, мае дачку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 ліпеня: затрымалі адміністратара беларускіх чатаў за мяжой, судзяць былога палітвязьня25-гадовага менчука затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту
Праўладныя тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што затрыманаму за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе пагражае да 5 гадоў зьняволеньня, піша «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 ліпеня: Асуджанаму на 10 гадоў мастаку Вярбіцкаму зноў дадалі 2 гады калёнііСуд у Менску за данаты
У Менскім гарадзкім судзе 15 ліпеня распачаўся суд над Антонам Станкевічам. Яго вінавацяць у данатах «экстрэмісцкаму фармаваньню» (арт. 361-2 КК). Сутнасьць абвінавачваньня праваабаронцам «Вясны» невядомая.
Справу разглядае Жанна Брысіна. У палітычных крымінальных справах яна асудзіла мінімум 20 чалавек, у тым ліку палітвязьня Паўла Белавуса.